Unreal Student Life: «мазгі ўшчэнт»

Так завецца адзін з экспанатаў, выстаўленых на студэнцкім арт-фэсьце «Unreal Student Life», які ўчора адчыніўся ў менскім Музэі кіно. Цягам 14 дзён наведвальнікаў фэсту чакаюць пэрформансы, музыка, відэа-інсталяцыі і іншыя наступствы жыцьцядзейнасьці студэнтаў.

Unreal Student Life

Cтудэнцкі арт-фэст ўжо другі год запар праходзіць у няспынным фармаце фэстывалю. Unreal Student Life — гэта экспанаты (арганізатары называюць іх «арт-аб’ектамі»), разьвешаныя па невялікім памяшканьні трэцяга паверху Музэя кіно, спантанныя акцыі творчасьці, што ўзьнікаюць у парыве крэатыву літаральна на працягу некалькіх сэкундаў, няспынная музыка, стылі і напрамкі якой цяжка было б злучыць дзесьці ў іншым месцы.

«Наша мэта — стварыць нефармальную пляцоўку для самавыяўленьня людзей розных поглядаў, адлюстраваць студэнцкае спантаннае мастацтва», — распавядае каардынатар фэсту Алег Ларычаў. — «Мы хочам спрыяць крэатыўным маладым людзям розных суполак праз камунікацыю паміж сабой ствараць новы творчы прадукт».

Экспанаты і ўдзельнікі фэсту вартыя адзін аднаго. На сьценах — хаэтычныя словаблудзьдзі выпадковых наведвальнікаў. Пад столяй вісіць кардонны бягун, а на ўваходзе сустракае змайстраваны толькі што на вачах у публікі «разьмеркаваны студэнт», чамусьці ўшчэнт плоскі, і яго саламяная сяброўка-студэнтка.

Unreal Student Life

Наведвальнікі імпрэзы — збольшага таксама студэнты. Гэтым, напэўна, тлумачыцца дзіўнае прага да зьнішчэньня ўсіх ядкіх экспанатаў. Адна з інсталяцыяў, яблык і заматаны ў поліэтылен аранжык, пад ціскам зубоў аднаго з наведвальнікаў і па сумяшчальніцтву аўтара інсталяцыі, Аляксандра, ціха зьнішчаецца. Экспанат атрымоўвае новае гучаньне: «недагрызак і аранжык».

«Падкаардынатар» фэсту Іра лічыць, што арт-аб’екты ня ёсьць самамэтай падзеі:

«Прыходзяць абсалютна незнаёмымі людзі, знаёмяцца паміж сабой, і ўліваюцца ў працэс. Для нас істотны ня вынік, а працэс, бо выстава жыве. Гэта ўсё нельга адарваць ад нейкіх аб’ектаў, якія вісяць на сьценах, бо яны жывуць разам з атмасфэрай».

«Тут ёсьць халяўныя плякацікі, халяўныя буклецікі і халяўны 34magazine. І ўсе прыходзяць і чакаюць халяўнага Red Bull’у», — раскрывае свае таемныя матывы студэнтка біяфаку Паліна.

Сапраўды, атмасфэра разьняволенасьці, тая, што можа быць толькі ў студэнцкім асяродку, энэргетычныя напоі, хаця апошняга зусім ня шмат, музыка, хаця і ня надта якаснага гучаньня, дазваляюць лёгка паглыбіцца ў транс сваіх перажываньняў і, забыўшыся, таньчыць пад рэгі паўсталага невядома адкуль ды-джэя.

Unreal Student Life

Максім Казакоў, аўтар аплікацыі «новабеларускія грошы»:

«Я паглядзеў на грошы нашай дзяржавы, і зразумеў, што грошы — гэта спэрма. І таму я прыляпіў іх, зрабіў з іх аплікацыю, што зусім не паўплывала на мой фінансавы стан, бо нашыя грошы цяпер пасьлянавагоднія. Творчасьць — гэта працэс эрасу».

Аляксандр, аўтар інсталяцый, сьцьвярджае, што імпрэза мае цалкам адэкватны і мірны характар.

«Мы ня маем у сваіх мэтах пашкодзіць каго-небудзь, альбо выклікаць міжнацыянальную ці міжрэлігійную варожасьць», — даводзіць ён. — «Я адчуваю тут пах шасьцідзесятых. Таму я і прыйшоў сюды. Але год таму пах гэты быў мацнейшы», — прыгадвае Аляксандр мінулагоднюю імпрэзу.

«У мінулым годзе па выніках фэсту зьявілася некалькі музычных праектаў, а таксама тут былі арганізаваныя сумесныя здымкі кліпаў, фільмаў», — кажа Алег Ларычаў. — «Да прыкладу, некалькі рэжысэраў і кінаапэратараў знайшлі адзін аднаго на фэсьце».

У інтэрнаце кулька дагэтуль стаіць парта, якая была адмыслова расьпісаная пад час мінулага фэсту. А некаторыя арт-аб’екты ўвогуле знайшлі новых уладальнікаў. У мінулым годзе знайшлі пакупнікоў чатыры аб’екты, а ў гэтым годзе прададзена ўжо дзьве карціны.

Unreal Student Life

Што да цяперашніх экспанатаў, то Алег прыкмеціў тэндэнцыю да большай колькасьці фотапрацаў і фотакалажаў. Таксама даволі вялікая колькасьць работ — кедаў, шклянак піўных — замарынаваная ў слоіках, рознай літровасьці і формы. Іх агульны назоў — «замарынаваныя экспанаты».

Па выніках фэсту арганізатары абяцаюць зрабіць мультымэдыйны дыск і прэзэнтаваць яго празь месяц на клюбнай афтэпаці.

Unreal Student Life

Імпрэза Unreal Student Life працягнецца да 4 красавіка ў памяшканьні Музэю кіно (Сьвярдлова 4), што ля Чырвонага касьцёлу. Звычайны пачатак — 17.00. Поўны расклад імпрэзы не вядомы яшчэ нават самім арганізатарам, таму варта чакаць сюрпрызаў. Сёньня чакаецца крыху акустычнай і электроннай музыкі і відэаролікі.

Бліжэйшыя падзеі:

  • 25.03 — выступ гурта «Джамбібум»
  • 26.03 — мультымэдыйная прэзэнтацыя «Лесное радио» + Сябры
  • 27.03 — Пэрформансы «Яна-Тры-Ён», Трэш-вершы, «Гальярды»
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.