«Друкапісы» — Бум-Бам-Літ «бяз гальштукаў» і ня толькі

У Менску прэзэнтаванае факсымільнае выданьне кніжкі «Друкапісы. Вялікая імправізацыя». Друкапісы — гэта 10 маленькіх кніжачак з малюнкамі і тэкстамі, якія ствараліся ў 90-х у межах літаратурнай суполкі Бум-Бам-Літ «у час цудоўнай эпохі буры і націску».

 

Аўтары друкапісаў: Зьміцер Вішнёў, Міхась Башура, Ільля Сін, Сяргей Патаранскі, Валянцін Татур, Віктар Жыбуль, Алесь Бычкоўскі і Ганна Ціханава.

Як ахарактарызавала друкапісы Інэса Кур’ян, укладальнік кніжкі: «Гэтая кніжка — доказ, што на Беларусі калісьці адбыўся авангард-працэс», пачынальнікам якога стаў Бум-Бам-Літ.

Зь іх прыходам на Беларусь закончыўся час клясычнай літаратуры і пачаўся час «літаратуры без гальштукаў», — адзначыў Валянцін Акудовіч. Пасьля прачытаньня вершаў Сяргея Патаранскага з гэтага зборніку, пад агульнай назвай «Сэкс», становіцца зразумела, што не толькі без гальштукаў, але ўвогуле без анічога.

Ідэя выдаваць кніжку сьпела ўжо даўно, і вось прыйшоў час для захаваньня гэтага літаратурнага экспэрымэнту, каб ён зусім не згубіўся ў мінулым.

«Архіў Бум-Бам-Літу трэба адразу паліць, або ратаваць», — казала Інэса Кур’ян на прэзэнтацыі. Дзякуй, што не спалілі, бо тым, хто не заўважыў час Бум-Бам-Літу з-за сваёй юнай нясьпеласьці (напрыклад мне) гэта кніжка дазволіць яскравей уявіць, чым займаліся беларускія авангардысты, а тым, хто назіраў гэты працэс увачавідкі, як сказаў Валянцін Акудовіч, дапаможа «цюкнуць наўспамін па той цудоўнай эпосе буры і націску».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1832 seconds.