Вандроўка ў ЗША дзеля працы ў гэтым годзе будзе рызыкоўнай

Падчас маёй апошняй вандроўкі на Беларусь, у мяне пыталіся некалькі разоў, ці варта ехаць улетку ў ЗША па праграме Work&Travel. За два месяцы, як я вярнуўся, мой адказ не зьмяняецца ані крышачку: вандроўка ў ЗША дзеля працы ў гэтым годзе будзе даволі рызыкоўнай. Справа ў тым, што тут зараз цяжка знайсьці працу нават мясцовым студэнтам.

Дакладней, ёсьць даволі шмат розных прапановаў, чым заняцца ўлетку, але збольшага гэта неаплочваемая праца, амаль добраахвотніцтва. Там, дзе могуць плаціць, натуральна, будзе вялікі конкурс. Ды з-за таго, што грошы патрэбныя ўсім, ствараецца сытуацыя, калі мясцовая моладзь незалежна ад узроўню адукацыі будзе змагацца за працоўныя месцы, якія традыцыйна займалі часовыя замежнікі, бо невялічкія грошы — лепей, чым аніякіх грошаў.

Што датычыцца вытрымак ад прадстаўнікоў фірмаў, якія дапамагаюць аформіць дакумэнты, пра наяўнасьць запрашэньняў на працу ў кожнага студэнта, які ідзе ў амбасаду. Гэта — хлусьня. Тыя запрашэньні на працу, што паказваюць у амбасадзе, — проста паперкі, каб атрымаць візу (без «сапраўднага» запрашэньня візу проста не дадуць). Насамрэч жа, працадаўцы запрашаюць болей людзей, чым у іх ёсьць месцаў, бо яны ўлічваюць форс мажор кшталту адмоўнага адказу ад амбасады. Да таго ж, калі спатрэбіцца, яны могуць працаўладкаваць кагосьці раней за дамоўлены тэрмін прыезду замежнага працаўніка, бо ніхто ж ня будзе чакаць, як патрэбная дадатковая дапамога.

Ну, і пра ўлюблёнае месца працы ўсходнеэўрапейскай моладзі: рэстарацыі і бары. У мяне ёсьць знаёмыя-студэнты, якія працуюць у адным з папулярных бараў у Вашынгтоне. Я нядаўна пацікавіўся, якім чынам крыза адбіваецца на іхняй працы, бо ў Амэрыцы людзі пьюць незалежна ад эканамічных абставінаў (хаця, штосьці апошнім часам кажуць, што ўпершыню попыт на алькаголь зьменшыўся). Зь іхных словаў, кліенты ядуць і п’юць як раней, але пакідаюць значна менш «на гарбату». Таксама з-за беспрацоўных мясцовых студэнтаў, якія размаўляюць па-ангельску значна лепей за замежнікаў, будзе завялікі конкурс і на гэтыя месцы.

ПРА АЎТАРА

 

Wolny 

Ад 2001 году жыве ў ЗША, і апошнія 5 гадоў у Вашынгтоне. Навучаецца ва Ўнівэрсітэце імя Джорджа Вашынгтона на спэцыяльнасьці міжнародныя стасункі і эканоміка. Вядзе блог у LiveJournal і мікра-блог на Twitter.

wolny 14:10, 27/02/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.