Рамантычная камэдыя для аматараў шопінгу

Калі такое кіно як «Д’ябл носіць Прада», «Сэкс у вялікім горадзе» вам падабаецца, то «Шапаголік» (Confessions of a Shopaholic) для вас. Лёгкі, гумарыстычны фільм зь непрывабнай назвай пра брэндавыя рэчы і каханьне. Тыповая амэрыканская гісторыя з заблытаным сюжэтам і хэпі эндам.


Трэйлер да фільма

Гэтая стужка ня з тых, што прэтэндуе на Оскара ці Залатога мядзьведзя. Проста яшчэ адно кіно для выходных made in Hollywood. Усё шаблённа: ён, яна, праблемы, ворагі, вясёлыя сябры і каханьне.

Гэта камэдыя. І трэба дадаць, добрая: там дзе задумана па сцэнары, публіка сьмяецца. А так бывае не ў кожным кіно. Да таго ж Айла Фішэр выконвае сваю галоўную ролю як выдатная камэдыйная акторка.

 

Сюжэт пабудаваны на гісторыі Бэккі Блумвуд. Дзяўчына — журналіст — не ўяўляе свайго існаваньня без брэндавых рэчаў і марыць трапіць на працу ў глянцавы часопіс. Але палкае жаданьне набыць на чарговым распродажы прыгожы зялёны шалік цалкам зьмяняе яе жыцьцё.

Фільм, безумоўна, зроблены якасна, акторы вельмі цікавыя, усё гэта аздоблена добрай музыкай, але… Прасьцей дачакацца фільма ў хатняй сетцы ці на TV, а ня сунуцца ў кінатэатар. Ды й усе перавагі вялікага экрана (моцны гук, якасная карцінка) у дадзеным выпадку могуць быць замененыя вясёлай кампаніяй, мяккай канапай і смачнай піццай.


І самае важнае — гэты фільм строга супрацьпаказаны хлопцам зь нестабільнай нэрвовай сыстэмай! У лепшым выпадку яны заснуць наўпрост у крэсьле і нават не пацікавяцца пасьля, чым усё скончылася. У горшым — будуць ўвесь час скардзіцца на «нудзяціну».

А вось для дзяўчат, калі ёсьць вольны час, лішнія грошы, жаданьне схадзіць у кінатэатар, і, магчыма, не самы вясёлы настрой, то самы час захапіць сяброўку, пакунак чыпсаў і паглядзець стужку «Шапаголік». Настрой дакладна палепшыцца!

Да 22 лютага стужка ў пракаце менскіх кінатэатраў «Салют», «Берасьце», «Піянэр», «Аўрора», «Перамога», а таксама да 18-га ў Доме Кіно, «Кастрычніку» і «Міры».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0049 seconds.