Глямур і клюбная тусоўка ў прэм’еры тэатральнага праекту «Cafe «Паглынаньне»

 

У клюбе, ператвораным ў тэатральную кавярню, драматургічнае адлюстраваньне жыцьця прымусіла стаць часткай дзеі. Акторы сярод людзей за столікамі сьмяяліся, размаўлялі, сварыліся, таньчылі, пераапраналіся, ладзілі пэрфомансы. Рэалістычныя, шмат у чым тыповыя пэрсанажы «людзей з рознымі жаданьнямі, якія іх паглынаюць, і якія паглынаюць жаданьні» сьмешна, сумна, жорстка, саркастычна, трагічна зрушылі межы часу і перанесьлі гледачоў у атмасфэру начных кавярняў і клюбаў. Падрабязнасьці, адчуваньні і ўражаньні — у рэпартажы.

«Кожны замаўляе тое, што можа паглынуць і паглынае тое, што замовіў», — павітаўся з гледачамі, якія ўтульна сядзелі за столікамі, канфэрансье, паклаўшы пачатак паралельным і пасьлядоўным пэрфомансам. Як і ўсе спэктаклі Яўгена Карнягі, гэты суправаджала стылёвая, ідэальна падабраная музыка. А на вялікім экране на сьцяне паімгненна зьмяняліся твары вядомых супэрзорак і трансьляваліся глямурныя ролікі з вымярэньня High Fashion.


У рознастайнай дзеі навокал можна было выдзяліць некалькі пэрсанажаў, разьвіцьцё паводзінаў якіх раскрывала сутнасьць абагуленых вобразаў нашага нездаровага грамадзтва.


Прыгожая дзяўчына-модніца на працягу ўсяго спэктакля дэманстравала публіцы розныя строі і сукенкі, прычым пераапраналася проста ў залі з дапамогай гледачоў. Калі чарговую сукенку адабралі зайздросьніцы, прыгажуня бегала за імі па залі проста ў ніжняй бялізьне, спрабуючы вярнуць сваю вопратку.

Дзяўчына ў цёмных акулярах зьвярнулася да прысутных прадстаўніцаў найлепшага полу з тым, што тыя «совсем не правильно обращаются со своим лицом». «Экспэрт» дала шэраг парадаў наконт таго, як абараніцца ад страшных мімічных маршчынаў, пігмэнтных плямінаў, цёмных кругоў пад вачыма, расьцягнутай скуры: нельга грэбаваць акулярамі, піць напоі праз саломінку, паліць. «Нужно наклеить на лоб и между бровями полоску скотча», каб скура не рухалася пад час размовы. Трэба стрымліваць свае эмоцыі: «А если хотите показать, что вам смешно, скажите просто «ха…-ха…». Пасьля свайго выступу дзяўчына сядзела за столікам, наклаўшы на твар маску, а ў танцах рухалася з валікам на шыі, каб галава не рухалася, маршчыны не ўтвараліся і старасьць не надыходзіла.

 

Вобраз Вольгі Скварцовай — дзяўчына-падлетак, якая заведзена таньчыла, што б ні адбывалася вакол — галоўнае, каб была музыка. Калі музыку выключалі, яна апантана крычала Dj-ю: «Включи музыку!». І толькі новыя гукі маглі яе зноў супакоіць.

Дзяўчына ў доўгай блакітнай сукенцы не вымала цыгарэту з вуснаў, глытала таблеткі, піла, падала, яе выносіла ахова, адкачвалі іншыя дзяўчыны. Яна вярталася ў прытомнасьць і зноў паліла, і піла, і падала. Урэшце яна спрабавала вылезьці зь вялікага мяшка — праведзеная паралель з такімі важнымі для яе пакункамі наркотыкаў.


Дзяўчына ў яркім ружовым строі ела за столікам гледачоў канапкі і чытала ўголас загалоўкі матэрыялаў глянцавых часопісаў: «Как похудеть?», «Знает ли он, что подарить Вам, а 8 марта?», «Красивая попа без целлюлита» і г.д. Пэрсанаж — сэксуальна заклапочаная дзяўчына, якая не абмінае ўвагай ніводнага хлопца, але ў рэальнасьці заўжды адна.


Тацяна Рабочая, якая часта зь’яўлялася на сцэне ў якасьці асыстэнткі, прыбіральшчыцы, дзяўчыны «на падхопе», — трагічна і пакрыўджана чытала кранальны верш: «Вы сказали, что я сопля, что я не готова к подвигу. Нельзя так с людьми, нельзя! Но вам, наверное, пофигу!».


Дзьве дзяўчыны — пастаянныя клюбныя наведвальніцы — разам сядзелі, таньчылі, раздавалі хлопцам нумары тэлефонаў з просьбай «пригласить куда-нибудь», сварыліся, і па-жаночы непрыгожа лаяліся.

І на гэтым фоне дзяўчына «клюбны фатограф» хадзіла і фатагравала з безэмацыйным выглядам усё, нават самыя «нефотагенічныя» моманты з жыцьця «клюбнай публікі».


Урэшце аб’яднаў ўсіх бар, дзе ўсе дзяўчаты ў выкшталцонай харэаграфічнай пастаноўцы страшна напіліся — падалі, валяліся і пакутавалі. Усе іх схаваныя жаданьні сталі абалонкай паводзінаў. Дзяўчына-падлетак болей не змагла трываць музыку і ўмольвала выключыць. Спэктакль ператварыўся ў балючую гістэрыю, страшна агаліўшы чалавечыя парокі, гэткі звычайны і бессэнсоўны спосаб «адпачынку». Не пакідала пачуцьцё знаёмасьці і рэалістычнасьці таго, што адбываецца. Такая тыповая клюбная ноч. І тое, што напачатку здавалася сьмешным і пацешным, напрыканцы сваёй праўдзівай рэзкасьцю засмуціла.

…Кавярня «Паглынаньне» зачынілася… «Надеемся, что вы не получили пищевого отравления и станете с этого вечера нашими постоянными клиентами», — скончыў вечар канфэрансье, пакінуўшы публіку сам на сам са сваім захапленьнем, высновамі і развагамі.

Фота аўтара

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.