Дадатковае тэставаньне па беларускай ды расейскай мовах
У гэты дзень іспыты арганізаваныя для тых, хто па паважных прычынах ня змог прыйсьці 30 траўня і 6 чэрвеня для праходжаньня моўнага тэставаньня. Так, для абітурыентаў Менска і Менскай вобласьці іспыты пройдуць у Беларускім аграрным тэхнічным унівэрсытэце, Гарадзенскай вобласьці — у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Я.Купалы, Берасьцейскай вобласьці – у Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце, Віцебскай вобласьці — у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя П.Машэрава, Магілёўскай вобласьці — у Беларуска-Расейскім унівэрсытэце, Гомельскай вобласьці — у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце імя П.Сухога.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-цэнтры Камітэта дзяржаўнага кантроля Беларусі, дазвол на праходжаньне тэставаньня ў дадатковы дзень атрымалі 699 выпускнікоў з 710 ахвотных прыняць удзел у іспытах. У якасьці паважных прычынаў прымалася пацьверджанае дакумантальна захворваньне, якое перашкодзіла абітурыенту прыбыць у пункты тэставаньня, а таксама ўдзел у спаборніцтвах, на якіх "абараняўся гонар краіны". Акрамя таго, былі задаволеныя просьбы выпускнікоў, якія не змаглі зарэгістравацца і прыняць удзел у тэставаньні з-за дрэннай інфармаванасьці моладзі ў некаторых раёнах.