22 студзеня ў Менску «Фэстываль нікчэмнасьцяў»

22 студзеня на малой сцэне к/з «Менск» у межах праекту «Апельсин alive» прадусарскага цэнтру ПАН-студыя пройдзе дзіўны і пацешны «Фэстываль нікчэмнасьцяў».

 

У праграме:

  • Ганна Хітрык, акторка тэатру імя Я.Купалы, вакалістка гурта «ДзеціДзяцей»
  • Міхал Зуй, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
  • Зьміцер Ясеневіч, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
  • Вольга Скварцова, акторка тэатру сучаснага танцу D.O. Z. Sk. I
  • Сяргей Кавальскі, актор клоўн-праекту «ЛЮДИ С НОСОМ» («Лунатики»)
  • Павал Куттуньё, вольнавызначэнец

і іншыя ня менш папулярныя асобы, раней таксама вядомыя менскім тэатралам па капусьнікам Сучаснага мастацкага тэатру, сабраліся разам у творчым праекце «Камбінат мастацтваў», каб зноўку стварыць зьяву. Што гэта будзе, зь цяжкасьцю могуць апісаць нават самі ўдзельнікі: тэатральныя мініацюры і рэпрызы ўперамешку з выступам музычных калектываў, «якіх ніхто яшчэ ня ведае і ніколі не пазнае», дасканала адрэпэтаваная імправізацыя і гумар на мяжы фарсу…

«Капусьнікі СХТ ня скончыліся, нас проста ўзялі на працу», — жартуе актор і ўдзельнік гэтай тэатральна-музычнай зьявы Павал Харланчук. — «А калі сур’ёзна, то зьявілася мноства ідэй, якім проста была неабходная рэалізацыя, інакш яны б загінулі, так і не нарадзіўшыся».

«Камбінат мастацтваў» праходзіць у межах праекту «Апэльсін alive», які зь лютага 2008 году цешыць нас незвычайнымі і яркімі канцэртамі. Пад лэйблам «Апэльсіну» штомесяц прадстаўляюцца новыя і ўжо вядомыя творчыя каманды: музычныя, плястычныя, тэатральныя і розныя іншыя, для якіх яшчэ ня знойдзены азначэньні… Гэтая праграма ахоплівае самыя розныя сфэры творчых праяваў, якіх яднае толькі шчырасьць і пазытыў у стаўленьні да жыцьця. «Апэльсін Alive» гарантуе яркія, эмацыйныя, паліфанічныя сустрэчы зь нетрывіяльным — усім, у каго ёсьць пытаньні да гэтага жыцьця, каму ў ім мала месца і ў кім яшчэ дастаткова месца для нечага сапраўднага!

  • Калі: 22.01.2009, 19:00
  • Даведкі і замова квіткоў: 8 017 294 22 22 — 10.30–17.00, +37529 6782399, Касы к/з Менск: 8 017 328 66 38 — 9.00–13.00, 14.00–20.00

Паводле прэс-рэлізу

12:10, 07/01/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.057 seconds.