Музыка, вопратка і сэкс у «cтылёвым» кіно

У менскіх кінатэатрах ідзе паказ новага фільма Валерыя Тадароўскага. Працоўная назва стужкі «Бугі на касьцях» раскрывала ўсю сутнасьць часу стыляг, калі забароненую музыку запісвалі як кружэлкі на рэнтгенаўскія здымкі. У пракат фільм выйшаў пад назвай «Стылягі», а ў кіношнай Маскве пазнаецца Менск.

Што такое стылягі? Гэта «музыка, вопратка і сэкс». Так у адным зь інтэрвію сказаў рэжысэр фільма Валеры Тадароўскі. Масква. 1955 год. З аднаго боку — савецкая дзяржава зь яе цэнзурай і татальнай забаронай, а з другога — моладзь, якая вызнае не камуністычныя погляды Камсамолу, а ідэі жыцьця, пастаяннага вясельля і аптымізму. На гэтым фоне сюжэт фільму да банальнага просты: малады камсамолец закахаўся ў «чувіху» і перакінуўся на бок стыляг.

Гэта не гістарычны фільм, хаця ён дакладна адлюстроўвае літаргічны стан постсталінскага грамадзтва, ягоны жах да ўсяго новага і нянавісьць да тых, хто хоча вылучыцца з шэрага натоўпу.

Гэта не мюзікл, проста часам у кіно ў зусім нечаканыя моманты зьяўляюцца добра пастаўленыя музычныя нумары.

Гэта вясёлае, камэдыйнае кіно. Вельмі яркае і завадное. З асаблівасьцяў: музыка — рок 80-х, трохі апрацаваны і адаптаваны. Акторская гульня на высокім узроўні. Але асабліва парадавалі Сяргей Гармаш і малады актор, выканаўца галоўнай ролі, Антон Шагін.

І не зьдзіўляйцеся, калі пабачыце ў кіношнай Маскве наш ГУМ, альбо яшчэ якую частку праспэкту Менску. Проста «Стылягі» здымаліся ў нас. І ў некаторых эпізодах у джазавых музыках можна пазнаць хлопцаў з «Тяни-толкай».

Пры ўсёй сваёй пазытыўнасьці хіба што ня кожнаму фанату музыкі 80-х прыйдзецца даспадобы, як яна пададзеная ў дадзеным выпадку. Таксама хтосьці скажа, што фільм фальшывы, бо «такога не магло быць». Але калі хочацца падняць сабе настрой, цікава правесьці час і калі вы аматар непрытарнага пазытыўнага музычнага кіно, «Стылягі» — сама тое. Фільм зараз трансьлюецца ў кінатэатрах Менску. Па 18 студзеня паказы ідуць у кінатэатрах «Дружба», «Кіеў», «Ракета», «Камсамолец».

На фота кадры зь фільму з афіцыйнага сайту стужкі stilyagifilm.ru

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.