25 сьнежня калядная містэрыя «Елка Дзеда Мароза»
Арганны канцэрт заўсёды ўяўляецца сур’ёзнай камэрнай падзеяй. Аднак на Каляды могуць здарацца цуды: клясычны канцэрт пераўтвараецца ў сьвяточную сяброўскую містэрыю.
Такі цуд здарыцца 25 сьнежня 2008 года, калі сапраўдны ЦУД — Цэнтар Удасканальваньня Драматургіі — пад кіраўніцтвам рэжысэра Мюра Фарыдовіча, прадставіць калядную казку — містэрыю «Елка Дзеда Мароза» у суправаджэньні аргану. Ролі ў містэрыі выконваюць: Віктар Жыбуль, Вера Бурлак (Джэці), Макс Жабовіч, Мюр Фарыдовіч.
Фота з рэпэтыцыі містэрыі. Аўтар фота: Алесь Малама
14 сьнежня 2008 года ў Менскай Новаапостальскай царкве адбылася рэпэтыцыя каляднай містэрыі «Елка Дзеда Мароза», якая аб’ядноўвае ў сабе пастаноўку рэжысёра Мюра Фарыдовіча паводле п’есы Сяргея Новіка-Пяюна «Елка Дзеда Мароза» і арганны канцэрт Юрася Габруся.
Як прызнаецца рэжысёр Мюр Фарыдовіч, калядная містэрыя заўсёды застаецца дзействам, у аснове якой палягаюць старыя біблейскія сюжэты, усім вядомыя і пазнавальныя, ад якіх кожны раз мы чакаем ачышчэньня і адкрыцьця. Калядная містэрыя «Елка Дзеда Мароза» павінна паказаць, як важна дзецям быць паслухмянымі, а бацькам больш артыстычнымі ў пошуку сродкаў выхаваньня.
Па словах выканаўцы ролі Дзеда Мароза, кампазытара Макса Жабовіча, ідэяй дадзенай містэрыі зьяўляецца далучэньне гледачоў да высокіх сфэраў прыгожага мастацтва праз пасрэдніцтва сцэнічнай дзеі, якая спалучае ў сабе лёгкі даступны сюжэт, жывую арыгінальную падачу і арганную музыку.
У арганным канцэрце Юрася Габруся, які адбудзецца адразу пасля п’есы, прагучаць творы Баха, Гендэля, Леклера, Страдэля, Фарэ,
Калядная містэрыя «Елка Дзеда Мароза» адбудзецца 25 сьнежня 2008 года.
- Адрас: Менск, вул. Шаранговіча, 1, Менская Новаапостальская царква.
- Праезд: трал. 7,8,9, да прыпынку:
Мядзьвежына-2 . - Пачатак у 12 гадзін 15 хвілін.
- Уваход вольны.
- Дадатковая інфармацыя: (029) 5513335 (Кастрамінава Вольга), kreuskizamak@gmail.com,
kreuski-zamak @narod.ru