Тэставаньне па беларускай мове. Уражаньні ўдзельніка.

Платнае тэставаньне па беларускай мове, якое адбылося восьмага траўня гэтага году, вызначылася вялiзнай колькасьцю недахопаў, хаця нельга не прызнаць, што былі й пэўныя перавагі. Публікуем ліст, дасланы адным з удзельнікаў тэставаньня - Алесем Мазаніком.

Спачатку пра плюсы: пры дапамозе гэтага тэставаньня кожны жадаючы меў пэўную магчымасьць датэрмiнова здаць iспыт нават у ВНУ цi проста паспрабаваць свае здольнасьцi, зразумела, пры адпаведным жаданьнi i матэрыяльным забесьпячэньнi.
Што датычыцца недахопаў, тут усё больш складана.

Па-першае, тэсты былi распрацаваны так, што веды, якiя патрабуюцца дзеля нават добрай здачы iспыту i далейшага выкарыстаньня вынiкаў менавiта гэтага тэставаньня, можна набыць хiба толькi ў лiнгвiстычных каледжах цi гiмназiях, што значна зьнiжала шанцы выпускнiкоў простых цi неспэцыялiзаваных школаў;

Па-другое, недакладная распрацоўка тэставых заданьняў, а папросту кажучы, вялiзная колькасьць памылак, якiя часам забiралi час, якога й так было не надта шмат (110 хвiлiнаў на 40 заданьняў);

Па-трэцяе, тая вобласьць блянку адказаў, якая была прызначана для рэгiстрацыi, была на расейскай мове, што вяглядала б сьмешна, калi б не было так горка. Да гэтага трэба дадаць, што тыя супрацоўнікі ўстановаў, якiя расьпявядалi пра тое як i што запаўняць у блянк адказаў, размаўлялi цалкам на расейскай мове, як, на жаль, i большасьць удзельнiкаў iспыту. Гэта стварала вельмi дрэнную, з пункту гледжаньня таго, што гэта было тэставаньне менавiта па беларускай мове, атмасфэру, якая асабiста мне вельмi перашкаджала сканцэнтравацца i думаць толькi пра тэст.

Таксама хачу дадаць, што мне больш усяго не спадабалася нават не тое, пра што я казаў вышэй, а тое, што, калi мы запаўнялi вобласьць рэгiстрацыi ў блянк адказаў, код прадмету тэставаньня ў беларускай мовы быў другiм, а ў расейскай - першым. Высновы рабiце самi…

Аднак я не магу не зазначыць, што платнае тэставаньне па беларускай мове ў гэтым годзе абралi 41129 чалавек, супраць 37689 чалавек, якiя абралi расейскую, што не можа не парадаваць прыхiльнiкаў айчыннай культуры.

Алесь Мазанiк,
удзельнiк платных тэставаньняў па беларускай i расейскай мовах

00:00, 06/06/2004 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5341 seconds.