Маладыя брытанцы здолеюць наведваць тэатры бясплатна

У Беларусі тэатры танныя, таму праблема з коштамі на квіткі не стаіць так востра, як у Брытаніі, дзе маладыя людзі часта абіраюць канцэрт замест тэатру, бо і экшану болей і, часта, таньней. Зь лютага 2009-га ў Бытаніі распачнецца адмысловая праграма з бясплатнымі квіткамі ў тэатар для моладзі. У сетцы 95 брытанскіх тэатраў, а прэтэндаваць на бясплатныя квіткі могуць людзі ўзростам ад 18-ці да 26-ці год.

Як распавядаюць беларускія студэнты ў Брытаніі, квіткі ў тэатры там зусім нятанныя — у сярэднім 30 фунтаў, але ўсё залежыць ад канкрэтнага тэатру — кошты могуць сягаць ад аднаго да 200 фунтаў, а то і болей. Ня дзіва, што канцэрты для маладых брытанцаў зьяўляюцца добрай альтэрнатывай дарагім тэатрам.

Пра ініцыятыву ўладаў зрабіць для моладзі бясплатныя квіткі распавёў прадстаўнік міністэрства культуры Брытаніі Andy Burnham.

«Тэатар можа зьмяніць жыцьцё людзей, ён можа даць ім новыя ідэі, можа пашырыць іх сьвядомасьць і дапамагчы рэалізаваць уласны патэнцыял. Але гэта раскоша нават для тых, хто можа сабе гэта дазволіць», — тлумачыць чыноўнік важнасьць зрабіць тэатры болей даступнымі.

Па бясплатных квітках можна будзе патрапіць у 95 тэатраў, сярод якіх Birmingham Rep, Young Vic і нацыянальны тэатар. Праграма будзе дзейнічаць на працягу двух год, а трапіць у тэатар па бясплатна можна будзе раз у тыдзень.

У Беларусі ж квіткі ў тэатар каштуюць усяго ад некалькіх тысяч беларускіх рублёў. Праблема хутчэй у іншым — пасьпець своечасова набыць квіток на патрэбную пастаноўку. Бывае, прыходзіцца набываць квіткі за некалькі месяцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.106 seconds.