Паэтычны дзявочнік і мужчынскі стрыптыз у бібліятэцы

Пяць прыгожых і таленавітых беларускіх паэтак зладзілі ў бібліятэцы імя Цёткі прэзэнтацыю сваіх кніжак. Атрымалася ядрана і па-дзявочаму міла. Дзяўчаты-паэткі «выдавалі замуж» свае кнігі, а хлопцы зладзілі «паэтычны стрыптыз».

Зборнікі вершаў — рэч ня самая хадавая, таму паэты і паэткі шукаюць новыя формы рэклямы, займаюцца сынтэзаваным мастацтвам, аб’ядноўваюцца, запрашаюць мужчын на стрыптыз, няхай і паэтычны. «Паэтычны дзявочнік» — крэатыўная ідэя Вікі Трэнас.

Беларускі паэтычны фронт быў прадстаўлены дзявочым дэсантам у складзе Юліі Новік, Тацяны Нілавай, Вольгі Чайкоўскай, Марыйкі Мартысевіч і Вікі Трэнас.


Тацяна Нілава з «Готыкай тонкіх падманаў»
.

Кожная з гэтых прыгажунь па чарзе выходзіла перад гледачамі, адчыняла свой ружовенькі з кветачкамі, альбо сіненькі ці іншага яркага колеру нататнічак і пачынала цьвёрдым голасам зачытваць свае вершы. Некаторыя чыталі зусім сьвежае, напрыклад «толькі з мора», нехта меў закладку з пазнакай усіх цікавых старонак са сваіх новых выданьняў.


Юля Новік прэзэнтуе «Сонца за тэрыконамі».

Для большасьці паэтак прэзэнтаваныя выданьні былі першымі ў жыцьці. Выключэньне складала паэтка зь Менску Віка Трэнас, «Экзыстэнцыйны пэйзаж» якой — ўжо другі паэтычны зборнік.

Студэнтка журфаку БДУ Вольга Чайкоўская дык увогуле выдала ў Віцебску свайго «першанца» «Лупы» самвыдадатам, што зусім не пагоршыла якасьць кнігі. «Лупы» Чайкоўскай выглядалі тут надзвычай цікава, бо кніга суправаджаецца дваццаціхвілінным візуальным шэрагам на вершы паэткі. Воля разам з дызайнэрам Юрам Круглікавым ажывіла свае вершы, надаўшы ім трэцяе, бадай творчае, вымярэньне. Фільм быў прадэманстраваны гледачам, што пазбавіла Волю неабходнасьці нешта чытаць асабіста.


Вольга Чайкоўская прэзэнтуе «Лупы»
.

Цьвіком імпрэзы стаў традыцыйны для любога дзявочніка стрыптыз. Прайшоў ён у межах выступу імпазантнай Марыйкі Мартысевіч, дэбютную кнігу якой «Цмокі лятуць на нераст» рэдагаваў Андрэй Хадановіч.


Марыйка Мартысевіч з «Цмокамі, якія лятуць на нераст».

Выконвалі стрыптыз тры паэты: Андрэй Адамовіч, які прапанаваў толькі што напісаны «Нэпаліткарэктны верш», італьянец Рабэрта Баначыні, які прадэманстраваў усю мілагучнасьць італьянскай мовы, і паэт Андрэй Хадановіч.


Італійскі паэт Рабэрта Баначыні.


Андрэй Хадановіч у ролі стрыптызёра. Паэтычнага :)


Апошні нават спрабаваў распранацца, зьняў кашулю, але верш скончыўся і стрыптыз творчы так і не перайшоў у стрыптыз рэальны.

Аўтар фота Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.