Электронныя open-source падручнікі як альтэрнатыва дарагім «аднаразовым» кнігам
Блізкая студэнтам многіх спэцыяльнасьцяў праблема — падручнікі дарагія, аднак пасьля завяршэньня адпаведнага курсу іх каштоўнасьць робіцца мінімальнай. Новы амэрыканскі web-сэрвіс у бліжэйшай будучыні абяцае дапамагчы ў вырашэньні гэтай праблемы і, верагодна, зь цягам часу зусім зьменіць сыстэму распаўсюду навучальнай літаратуры.
Прынцып блізкі да мадэлі open-source, якая выкарыстоўваецца праграмістамі, дазволіць апэратыўна падтрымліваць актуальнасьць навучальных матэрыялаў. Карыстальнікі сайта, які адчыніцца ў пачатку наступнага году, змогуць бясплатна карыстацца анлайнавымі падручнікамі, рэдагаваць і дапаўняць іх.
Flat World Knowledge прапануе выкладчыкам абраць патрэбны падручнік, «пэрсаналізаваць» яго паводле ўласных меркаваньняў і раздаць спасылку студэнтам. Студэнты змогуць скарыстацца гэтай спасылкай або знайсьці іншы падобны падручнік і чытаць яго бясплатна, пры жаданьні абмяркоўваючы працэс у тэматычнай супольнасьці.
Першапачаткова сэрвіс прапануе 8 падручнікаў, напісаных адмыслова для гэтага вядомымі аўтарамі. Спампаваць або раздрукаваць кнігу (а таксама дадатковыя матэрыялы і дапаможнікі) можна будзе за невялікія грошы, прынамсі значна меншыя, чым кошт аналягічнага папяровага падручніка. У гэтым стваральнікі сэрвісу бачаць яго бізнэс-мадэль, бо рэклямы на сайце не будзе зусім, піша часопіс Wired.
У новым сэрвісе яго аўтары-выдаўцы бачаць адзіны спосаб адмовіцца ад састарэлай схемы продажу дарагіх «аднаразовых» кніг, якія рэдка ўтрымліваюць поўную інфармацыю па вучэбным курсе і хутка робяцца неактуальнымі.