Рабства ўзаконяць

Міністэрства Адукацыі РБ плянуе ўвесьці кантрактную сыстэму для студэнтаў на ўсіх формах навучаньня. Аб гэтым паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі 25 траўня першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандар Жук. Новаўвядзеньне будзе замацаванае ў праекце новага закона “Аб вышэйшай адукацыі”. Па сутнасьці, прапануецца сыстэма, калі кожны студэнт будзе заключаць дамову з ВНУ, дзе будуць азначаныя правы і абавязкі бакоў, у тым ліку абавязак студэнта адпрацаваць па-разьмеркаваньні.

Да таго ж, Міністэрства Адукацыі рыхтуе прапанову па ўзмацьненьні кантролю за разьмеркаваньнем выпускнікоў ВНУ, якія навучаліся на бюджэце, пры гэтым тэрмін разьмеркаваньня паводле новых правілаў можа быць зьменены на больш доўгі. Нагадаю, што зараз студэнтаў разьмяркоўваюць на 2 гады. Але колькі тыдняў таму  А. Лукашэнка заявіў, што студэнт абавязаны адпрацаваць на дзяржаву ня меней за 5 гадоў.

Са словаў спадара Жука, каля 2,6 мільёнаў рублёў выдаткоўваецца зь бюджэта на навучаньне аднаго студэнта. Вось, толькі нашая дзяржава ніколі ня ўлічвае, што гэта ня ейныя прыватныя грошы, якія з барскага пляча на нас падаюць, а гэта падаткі звычайных грамадзянаў – бацькоў студэнтаў. На прэсавай канфэрэнцыі А. Жук адзначыў:

"Положение о распределение выпускников в стране есть, но оно не реализуется в жесткой форме. Государство тратит на подготовку бюджетников средства, и они должны отработать их по распределению".

Прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ пярэчыць Канстытуцыі РБ, дзе запісанае права на вольны выбар працы і месца жыхарства для кожнага грамадзяніна Беларусі . Такім чынам, сучасная сыстэма разьмеркаваньня – незаконная. Пры паступленьні ў ВНУ, мы не падпісваем аніякіх абавязальніцтваў адпрацоўваць на дзяржаву 2 гады. Але пры новай кантрактнай сыстэме рабства будзе ўзаконенае. Улады разьлічваюць, што мы самі пры паступленьні будзем падпісваць сабе прысуд.

tarka 00:00, 27/05/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3202 seconds.