Далёкае рэха сьмерці: таямніцы старога будынку ў Сьцяпянцы

стары будынак ў Сьцяпянцы

Хаваецца ў сасновым лесе м­енскага раёна Сьцяпянка (за Нацыяналкай) напаўразвалены будынак — лецішча даваеннага клясыцызму, шляхетнае, стройнае і стылёвае. Толькі выбітыя чорныя вокны нагадваюць, што ня ўсё вечнае.

А яшчэ распавядаюць, што парасьлі тут травой магілы маладых паненак, зь якімі забаўляўся гаспадар сядзібы — Лаўрэнцій Цанава, нарком унутраных спраў Беларусі, з 1941 — нарком дзяржаўнай бясьпекi i кiраўнiк таемнай палiцыi.

Забавы з каханкамі

Менскі раён Сьцяпянка (а зусім побач — Сьляпянка) разьмяшчаецца ля станцыі мэтро Ўсход. Да 19 стагодзьдз­я гэтыя мясьціны належалі Радзівілам, пазьней — Ваньковічам. Ідылічны сьцяпянкаўскі лес, што раскінуўся за Нацыянальнай бібліятэкай, памятае шмат чаго.

Двухпавярховая сядзіба належала наркому Цанаве з 1938 года. У ваенных успамінах пра лецішча ўзгадвае Якуб Колас: калі Менск пачалі бамбіць, сям’я пісьменьніка выехала за межы горада і прыпынялася ля сядзібы.

стары будынак ў Сьцяпянцы

Жонка ардзінарца міністра дзяржаўнай бясьпекі Беларусі распавядала пазьней у інтэрвію, што Цанава любіў забаўляцца з жанчынамі. Усё новыя каханкі траплялі на лецішча, каб за сваю непаслухмянасьць зьнікнуць у ваколіцах блакітнага будынку назаўсёды.

Забойства Міхоэлса

«Савецкі тэатар панёс цяжкую страту», — паведамляе радыё ў студзені 1948 года. Трупы Саламона Міхоэлса і ягонага калегі — тэатральнага крытыка, былі знойдзеныя на вуліцы Ўльянаўскай, што ля стадыёна Дынама. «Смерць адбылася ў выніку наезду аўтамашыны, якая ехала з перавышанай хуткасьцю і нагнала іх, ідучы пад крутым ухілам…», — сьцьвярджаюць матэрыялы «Особой папки» Сталіна.

Саламон Міхоэлс — самы папулярны савецкі габрэй Беларусі. Рэжысёр, актор, старшыня Габрэйскага антыфашысцкага камітэта, супрацоўнік органаў дзяржбясьпекі. Пасьля вайны зьбіраў інфармацыю пра сытуацыю ў Ізраілі. Але зьвесткі апынуліся памылковымі, і кіраўніцтва антыфашысцкага камітэта рэпрэсавалі. А Міхоэлса і ягонага калегу забілі — якраз у сьцяпянкаўскім лесе, на тым самым лецішчы з блакітнымі сьценамі. А зранку рабочыя, ідучы на завод, заўважылі двух мерцьвякоў на Ўльянаўскай.

Матэрыялы пра тое, як насамрэч былі забітыя «здраднікі», пабачылі сьвет толькі ў 1953 годзе, адразу пасьля сьмерці Сталіна. Іх апублікаваў былы апякун Цанавы Лаўрэнцій Берыя. У выніку, забойцу Міхоэлса — Цанаву — арыштавалі, і ён памёр праз два гады ў шпіталі Бутырскай турмы.

стары будынак ў Сьцяпянцы

Спартовы комплекс і мураваная сядзіба

Пасьля арышту ўладальніка сядзібы шляхетнае лецішча перайшло ў рукі Міністэрства ўнутраных спраў. У самім лецішчы разьмясьцілі кругласуткавы дзіцячы садок, а побач, у невялікім памяшканьні-бараку, дзе раней жылі служкі Цанавы, быў раённы садок №33.

Цяпер у лесе пануе цішыня: дзеці пераехалі. Лецішча імкнуліся рэканструяваць, а ў 2005 годзе ў ім адбыўся пажар. Аднак мураваныя блакітныя сьцены ўцалелі.

стары будынак ў Сьцяпянцы

Ва Ўпраўленьні адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёну Менску паведамілі, што тэрыторыя цяпер належыць спартоваму коннаму комплексу.

— А які лёс чакае лецішча?
— Якое лецішча?
— Ну, былы садок МУС.
— Будуць рэканструяваць. Альбо зьнясуць.

Цяпер стройная блакітная будыніна дарэшты расьпісаная моладзьдзю: «Ваша благодетель — страх перед наказанием», «Тут была Маша»… Скарыстаныя прэзэрватывы на дарозе і плястыкоўкі. А лес маўчыць пра прывіды і гвалтоўныя сьмерці.

стары будынак ў Сьцяпянцы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.