Радзькоў: нашы спэцыялісты ня ведаюць ангельскай мовы, але Беларусь лепшая ў Эўропе па ўзроўні вышэйшай адукацыі
Учора 14 траўня міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што нашы спэцыялісты ня ведаюць замежных моваў і ў гэтым ёсьць небясьпека для эканомікі краіны. Аднак ня гледзячы на тое, паводле інфармацыі міністра, Беларусь па ўзроўні вышэйшай адукацыі займае адно зь першых месцаў сярод краін СНД і Эўропы.
На пленарным паседжаньні «Эканомія і ашчаднасьць — галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы», якое праходзіла 14 траўня ў межах Беларускага прамысловага форума, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што «пакуль мы не навучым нашых адмыслоўцаў размаўляць на ангельскай мове, мы не забясьпечым эканамічную бясьпеку».
«Замежная мова — вельмі вострая неабходнасьць у цяперашні час», — сказаў міністар. Па яго меркаваньні, неабходна, каб адмыслоўцы ня толькі вышэйшага зьвяна, але і абслуговы пэрсанал валодалі замежнай мовай «у гутарковым стылі».
«Мы губляем праекты, страчваем эканоміку, таму што не можам улавіць тонкасьці. У перамовах, дзе ідзе вельмі тонкі аналіз гэтых праектаў, эканамічных падыходаў, трэба валодаць мовай у дасканаласьці. Пакуль мы не навучым нашых адмыслоўцаў, у тым ліку горнічных, размаўляць на ангельскай мове, мы ніколі не рэалізуем свае магчымасьці і не забясьпечым эканамічную бясьпеку краіны», — заявіў чыноўнік, паведамляюць naviny.by.
У той жа час міністар адзначыў, што зараз Беларусь па ўзроўні вышэйшай адукацыі займае адно зь першых месцаў сярод краін СНД і Эўропы. Галоўным крытэрам тут міністар Радзькоў бачыць колькасьць студэнтаў: у 43 дзяржаўных і 10 прыватных вышэйшых навучальных установах навучаецца больш 400 тысяч будучых адмыслоўцаў.
«Гэта дазваляе цалкам забясьпечыць запатрабаваньні краіны ў адмыслоўцах па усіх кірунках эканомікі і сацыяльнай сфэры», — падкрэсьліў ён.
Аднак Радзькоў разумее, што спэцыяліста трэба прывабліваць заставацца працаваць у краіне.
«Нам трэба думаць, як утрымаць яго. Гэта павінны быць першым чынам добрыя магчымасьці для таго, каб ён сябе рэалізаваў: з пункту гледжаньня разьвіцьця інтэлекту, заробку, сацыяльных умоў і г.д.», — адзначыў міністар адукацыі.