На заканчэньне ўкраінізацыі ВНУ — тры гады

Міністар адукацыі Ўкраіны паведаміў, што сталым выкладчыкам пакінуць магчымасьць дапрацаваць да пэнсыі і на расейскай мове, а вось маладыя выкладчыкі мусяць вучыць украінскую.

«Без гістэрыі з аднаго і другога боку расейскую мову трэба прыбраць з ВНУ, што і будзе зроблена за тры гады», — сказаў міністар адукацыі Ўкраіны Іван Вакарчук.

Ён адзначыў, што «схаваная русіфікацыя» ў сыстэме вышэйшай адукацыі ва Ўкраіне застаецца праблемай.

Зьмяніць сытуацыю можна будзе, у прыватнасьці, з укараненьнем незалежнага тэставаньня пры паступленьні ў ВНУ.

Іван Вакарчук сказаў, што ні ў якім разе ня будуць прымушаць пераходзіць на ўкраінскую мову выкладчыкаў у гадах. Да сыходу на пэнсію ім дазволяць выкладаць па‑расейску, а вось моладзі прыйдзецца вучыць украінскую.

Украінізацыя адбывалася паступова. На 1990 год, пад канец СССР, толькі 5 % студэнцкіх групаў у ВНУ займаліся па-ўкраінску. Да 1996 году, па меры рэалізацыі Закону аб мовах, гэтая лічба дасягнула 50 %. Палітыка у сфэры адукацыі была пасьлядоўнай, не залежыла ад пераменаў на вяршыні ўлады. У 1999 годзе, калі пераабралі Кучму, яна дапаўзла да 66%. На сёньня на нацыянальнай мове навучаецца каля 85 % усіх студэнцкіх групаў. Толькі ва ўнівэрах Крыму і Данбасу дагэтуль пераважае расейская мова.

Паводле «Наша Ніва»

15:01, 09/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.066 seconds.