Фэстываль фільмаў пра правы чалавека «Адзін сьвет» прайшоў у Празе

Агулам 138 фільмаў былі паказаныя ў 10 кінатэатрах Прагі ў межах фэстывалю кіно пра правы чалавека «Адзін сьвет». У паказе ўдзельнічалі і дзьве дакумэнтальныя стужкі зь Беларусі. Прыйсьці на фэст заклікала вясёлая рэкляма з песьняй ад карыкатурнага ансамблю сучасных дыктатараў і сьлёганам «Заткніце гэту песеньку!»

­

Гэта ўжо дзесяты фэстываль «Адзін сьвет», арганізуецца штогод чэскай фундацыяй «People in Need». Цяпер паказ фільмаў працягнецца ў іншых чэскіх гарадах і мястэчках, а таксама ў іншых гарадах сьвету: Лёндане, Любліне, Мадрыдзе, Нью-Ёрку, Брусэлі, Бухарэсце, Парыжы, Сан Паўла, Сафіі і інш.

Асаблівасьці «Аднаго сьвету 2008»

Адной з асноўных тэмаў сёлетняга фэсту сталі сучасныя дыктатарскія рэжымы, што і было адлюстраванае ў вясёлых плякатах: пяцёра дыктатараў былі сабраныя ў адзін музычны ансамбаль. «Заткнем гэту песеньку», — заканчваецца рэклямны ролік словамі, што сталі слёганам фэсту. Фідэль Кастра (Куба), Кім Чэн-Ыр (Паўночная Карэя), Роберт Мугабэ (Зімбабвэ), Тан Швэ (Бірма) і Аляксандар Лукашэнка — дыктатары сучаснасьці, якія сталі сымбалем «Аднаго Сьвету 2008».


Рэклямны ролік фэсту з анімаванымі прэзыдэнтамі.

Агулам 138 фільмаў было паказана ў 10 праскіх кінатэатрах цягам фэстывальнага тыдню — 5-13 сакавіка. Фэстываль у гэтым годзе аказаўся асабліва папулярным, што можна было назіраць па шматлікіх чэргах, поўных залях і распрададзеных квітках яшчэ задоўга да пачатку сэанса.

Фільмы былі прадстаўленыя ў розных катэгорыях і намінацыях, ацэньваліся як гледачамі, так і журы.

Найлепшым фільмам фэсту прызнаны дакумэнтальны фільм бразыльскай рэжысэркі Марыі Рамос — «У судзе», які распавядае пра непаўнагадовых злачынцаў у Бразыліі, якія трапілі ў суд за розныя правапарушэньні.

Адмысловую ўзнагароду Вацлава Гавэла атрымаў фільм швайцарскага рэжысэра Эрыка Бэргкраўта «Ліст да Ганны». Гэта ня толькі спроба знайсьці адказ на пытаньне: хто стаіць за сьмерцю расейскай журналісткі, але яшчэ і парт —рэт мужнай жанчыны, якая доўгі час была адным з асноўных крытыкаў пуцінаўскай Расеі і «другой» чачэнскай вайны. Дарэчы, у мінулым годзе ўзнагародай Вацлава Гавэла быў адзначаны фільм Міраслава Дэмбінскага «Урок беларускай мовы».

«Справа Літвіненкі» — фільм пра схаваныя праявы дыктатуры ў Расеі і гісторыю чалавека, які аказаўся нязручным для расейскага рэжыму,  — атрымаў узнагароду імя Рудольфа Врбы ў катэгорыі «Вы маеце права ведаць». Таксама гэтай узнагародай быў адзначаны дакумэнтальны фільм «Джыхад за любоў», які падымае праблему сэксуальных меншасьцяў у ісламскім сьвеце і распавядае пра цяжкае жыцьцё людзей зь нетрадыцыйнай арыентацыяй у мусульманскіх краінах. 


Кадр з фільму пра Алеся Пушкіна «Беларускі вальс». Выява з сайту «Аднаго сьвету».

На фэсьце паказваліся і два фільмы пра Беларусь. Адзін — ужо шмат каму вядомы дакумэнтальны фільм Юрыя Хашчавацкага «Плошча» пра падзеі падчас беларускіх выбараў у 2006 годзе. Другі — зусім новы, нідзе не паказаны раней фільм пра эксцэнтрычнага мастака і пэрформэра Алеся Пушкіна — «Беларускі вальс» рэжысэра Анджэя Фідыка.

Фільмы, што абуджаюць

Кіраўнік фэсту і яго заснавальнік, басьнійскі харват Ігор Бражэвіч, кажа пра «Адзіны Сьвет»:

«Гэта фэстываль, які расплюшчвае вочы і руйнуе стэрэатыпы, прымушае задумацца. Ён выклікае моцныя эмоцыі, растрывожвае і адначасова заклікае да дзеяньня. Мы верым, што супраць зла, несправядлівасьці і парушэньня асноўнага права чалавека на свабоду і падаўленьня ягонай чалавечай годнасьці можна змагацца ўжо тым, што мы выцягнем злачынствы на сьвет і прадставім іх на агляд грамадзкай думцы. Але таксама для нас важна паказаць і тую бясконцую сілу духа тых людзей, якія змагаюцца за свае правы і чалавечую годнасьць».

Фільмы «Аднаго Сьвету» ня толькі распавядаюць гісторыі пра людзей, якія церпяць несправядлівасьць, правы якіх груба парушаюцца ва ўмовах адсутнасьці дэмакратыі. Прадстаўленыя на фэсьце працы яшчэ вучаць цярпімасьці да іншых людзей, іншых народнасьцяў і расаў, даюць магчымасьць убачыць сытуацыю вачыма чалавека, правы якога былі парушаныя. У глябалізаваным і няўстойлівым сьвеце нішто ня можа быць далёкім і чужым, бо адлегласьці і межы паміж краінамі становяцца проста ўмоўнымі.

Такія фільмы задаюць пытаньні і спрабуюць знайсьці адказ, але ўрэшце яго павінны даць сабе кожны глядач сам: што для яго азначаюць правы чалавека? Як абараніць чалавечую годнасьць у краіне, дзе пануе дыктатура?

Шкада толькі, што вельмі шмат фільмаў, прадстаўленых на фэсьце, яшчэ доўга ня змогуць убачыць людзі ў тых краінах, пра якія распавядаецца ў стужках.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.