Здановіч разьлічвае распаўсюдзіць новыя правілы беларускай граматыкі і на Інтэрнэт

Законапраект «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» падрыхтаваны да разгляду ў другім чытаньні зь істотнымі зьменамі.

Аб гэтым у інтэрвію БелаПАН паведаміў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

«26 лютага мы завяршылі цалкам працу над падрыхтоўкай законапраекта да другога чытаньня. 28 лютага ён будзе раздрукаваны і раздадзены членам працоўнай групы, каб яны выверылі кожнае слова і коску, правялі рэдакцыйнае выпраўленьне. З такім улікам, каб 4 сакавіка законапраект быў накіраваны на ўзгадненьне ў Савет міністраў», — зазначыў У.Здановіч.

Адбылося істотнае зьмяненьне ў фармулёўках:

«Раней трэці пункт праекта закона гаварыў: «Дзяржаўныя органы, грамадзкія аб’яднаньні, арганізацыі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры выкарыстаньні беларускай мовы ў афіцыйных зносінах павінны кіравацца правіламі артаграфіі і пунктуацыі». 

Паводле новага рашэньня дэпутатаў, з гэтай нормы неабходна выключыць словы «ў афіцыйных зносінах». Такім чынам, прынятымі правіламі прыйдзецца кіравацца ў любых выпадках карыстаньня моваю.

«Мы прыйшлі да высновы, што складана падзяліць афіцыйнае і неафіцыйнае ўжываньне. Гэта тонкія паняцьці, паміж імі дакладнага разьмежаваньня няма. Па-другое, калі будуць карыстацца беларускай мовай, улічваючы правілы, то гэта будзе азначаць, што пашыраецца сфэра ўжываньня нарматыўнай беларускай мовы», — лічыць дэпутат.

У.Здановіч паведаміў, што «ніхто людзей караць за няправільна сказанае слова не будзе».

«Але калі, напрыклад, рыхтуеш рэкляму (гэта не зусім афіцыйнае ўжываньне), то трэба карыстацца правіламі. Газэты таксама будуць абавязаныя карыстацца беларускай мовай. Магу выказаць ім толькі спачуваньне. Ёсьць два выданьні (Наша ніва і Arche), якія выкарыстоўваюць „тарашкевіцу“, але пасьля набыцьця моцы законам яны павінны будуць кіравацца зацьверджанымі правіламі», — сказаў ён.

Дэпутат таксама паведаміў, што плянуецца распрацоўка закона аб Інтэрнэце.

«Думаю, новыя правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі нейкім чынам будуць распаўсюджвацца і на Інтэрнэт», — зазначыў ён.

Паводле «Белорусские новости»

19:26, 26/02/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.