Эўрапейскі ўнівэрсытэт у Санкт-Пецярбургу зачынены з-за невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі

Зараз ідзе гутарка аб спыненьні дзейнасьці Эўрапейскага ўнівэрсытэту. Рэктар унівэрсытэту спадзяваўся, што здаровы сэнс пераможа і пасьля паўторнай праверкі зачынены з-за невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі будынак ЭЎуСП працягне прымаць студэнтаў. Аднак і пры паўторным разглядзе суд прыняў рашэньне аб непрыдатнасьці будынку. СМІ і грамадзкія дзеячы лічаць, што асноўная прычына - палітычная.

 

У другой палове студзеня ў Эўрапейскім ўнівэрсытэце у Санкт-Пецярбургу пачаліся шматлікія праверкі: з боку дзяржаўнага пажарнага нагляду, Фэдэральнай рэгістрацыйнай службы, Камітэту па навуцы і вышэйшай школе.

18 студзеня ў будынку Ўнівэрсытэту быў выяўлены шэраг парушэньняў пажарнай бясьпецы. 7 лютага па гэтай прычыне суд прыпыніў функцыянаваньне Эўрапейскага ўнівэрсытэту.

Апасьля гэтага ў СМІ — як расейскіх, так і ў замежных — пачалі зьяўляцца публікацыі кшталту «Putin Strengthens His Legacy» (The New York Times, 13 лютага) альбо «В Европейском университете запахло пожарными» (КоммерсантЪ, 11 лютага).

Кіраўніцтва ўнівэрсытэта абвяргала некалькі разоў, што навучальны працэс быў прыпынены па палітычных прычынах:

«За апошнія паўтары месяцы дзейнасьць Унівэрсытэту насамрэч правяралі некалькі разоў. Аднак ня з мэтаю зачыніць, а з мэтаю праверыць», — заявіў рэктар Мікалай Вахцін.

СМІ выказвалі меркаваньні, што падставаю стала падрыхтоўка ў ВНУ назіральнікаў на выбарах. Сапраўды, ва Ўнівэрсытэце былі пляны навучаць назіральнікаў ад партый дэталям расейскага выбарчага заканадаўства. Аднак у выніку праверкі з боку Камітэту па навуцы Санкт-Пецярбургу ў жніўні мінулага году загадам рэктара праграма была адмененая. 

Напярэдадні паўторнай праверкі навучальнай установы рэктар выказаў свае чаканьні:

«Я ўсё ж спадзяюся на разважнасьць супрацоўнікаў пажарнага нагляду і судзьдзяў. У нас навучальны працэс стаіць!»

Аднак надзеі Мікалая Вахціна ня спраўдзіліся: пажарная інспэкцыя склала акт, згодна якому з 52 пунктаў прэтэнзій цалкам прыбраныя 20, часткова — 3.

18 лютага судом было пакінутым у дзеяньні рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці Эўрапейскага ўнівэрсытэта ў Санкт-Пецярбургу. Меры, прынятыя Ўнівэрсытэтам, знайшлі не дастатковымі для забесьпячэньня бясьпекі людзей.

«З улікам таго, што ліквідацыя некаторых парушэньняў патрабуе падрыхтоўкі праекту ўзгадненьня з Камітэтам па дзяржаўным кантролі, выкарыстаньні і ахове помнікаў гісторыі і культуры і істотных фінансавых выдаткаў, пад пагрозу пастаўленае ня толькі выкананьне пляну другога сэмэстру, але і само існаваньне ўнівэрсытэту», — заявіў Мікалай Вахцін.

Будынак Унівэрсытэту па адрэсе вуліца Гагарынская, 3 багаты сваёй гісторыяй. Ён зьяўляецца ўзорам сядзібы другой трэці ХІХ ст. у стылі Рэнэсансу. Гэта другая жылая пабудова ў Пецярбургу, якая была абліцаваная мармурам. Будынак ёсьць сапраўдным гонарам Эўрапейскага ўнівэрсытэту.

 

Сам Унівэрсытэт быў заснаваны ў 1994, а ідэя ўзьнікла яшчэ ў 1991 — у галовах выбітных дзеячаў расейскай навукі і культуры. Сёньня Эўрапейскі ўнівэрсытэт у Санкт-Пецярбургу — гэта недзяржаўная некамэрцыйная ўстанова дадатковай прафэсійнай адукацыі (павышэньні кваліфікацыі) адмыслоўцаў у сфэры сацыяльных і гуманітарных ведаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4377 seconds.