Навукоўцамі кіруюць ня грошы, а сэкс

Сэксуальнасьць навукоўцаў можа дапамагчы Беларусі зэканоміць 195 мільёнаў даляраў. Згодна новай кніжцы «Сэкс, навука і прыбыткі», навукоўцы кіруюцца прагаю прэстыжу і посьпеху ў супрацьлеглага полу. Таму ў дзяржаўным фінансаваньні яны патрэбы ня маюць.

Вітаем удзельнікаў першага зьезда вучоных Рэспублікі Беларусь
Вітаньне ўдзельнікам першага зьезда вучоных Рэспублікі Беларусь на Кастрычніцкай Плошчы ў Менску падчас сьвята Halloween

Па меркаваньні Тэрэнса Кілі (Terence Kealey) — аўтара кнігі, віцэ-канцлера прыватнага Букінгемскага ўнівэрсытэту, навука — гэта не грамадзкае дабро, якое трэба фінансаваць за кошт падаткаплацельшчыкаў, а спляценьне высокаразьвітых інстынктаў, якія складаюць чалавечую сутнасьць: схільнасьці да спаборніцтва, эгаізму, вар’яцтва ад грошаў і сэксу.

26 студзеня, у Дзень белар­ускай навукі, прэзыдэнт Беларусі павіншаваў дзеячаў навукі:

«Мы будзем і найдалей праводзіць палітыку па ўмацаваньні аўтарытэту навукоўцаў, ажыцяўляць меры па прыцягненьні маладых кадраў у навуку. Сёньня навука зьяўляецца неад'емнай часткаю вытворчага патэнцыялу краіны, базаю яе інавацыйнага разьвіцьця».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава ў першую чаргу надае ўвагу сваёй інтэлектуальнай эліце, ейнаму сацыяльнаму і матэрыяльнаму дабрабыту.

Але калі ўсе высновы спадара Кілі праўдзівыя, то, атрымоўваецца, навуцы дзяржаўнае фінансаваньне не патрэбнае. Гэта значыць, што краіны змогуць эканоміць вялікія сродкі.

Так, фінансаваньне навукі і навуковых дасьледваньняў зь беларускага бюджэту ў 2008 складзе 418 мільярдаў рублёў (а гэта — ля 195 мільёнаў даляраў), што на 100 мільярдаў болей за мінулы год!

Аказваецца, гэта ўсё марна. Спадар Кілі завярае, што прыватныя асобы і кампаніі проста ў чарзе стаяць, каб паўдзельнічаць грашыма ў разнастайных накірунках навукі, перасьледуючы свае ўласныя мэты.

З кампаніямі зразумела: няспыннае наватарства неабходнае для павелічэньня прыбыткаў, павышэньня канкурэнтаздольнасьці і гэтак далей. Пры тым, той, хто сам не ўкладае ў чыстыя навукі, а сядзіць і чакае, калі іншыя прасунуць тэхналёгіі наперад, асуджаны на банкруцтва.

Чым тады кіруюцца філянтропы? Кілі нагадвае, што «па-сапраўднаму людзі жадаюць павысіць свой статус». Спачатку філянтропы працуюць і зарабляюць дзеля ўласнай выгоды. Але потым адчуваць — час спыніцца. Тады на першае месца выходзіць пашана.

Усе яны: бізнэсоўцы, філянтропы, а галоўнае, навукоўцы ў белых халатах, — імкнуцца толькі да аднаго: прадэманстраваць сваю сэксуальную магутнасьць.

Бізнэсоўцы рэклямуюць сваю патэнцыю, зарабляючы грошы, філянтропы — у гэтых жа рэклямных мэтах іх раздаюць. Навукоўцы дэманструюць сваю патэнцыю з дапамогаю інтэлекту ў лябараторыях, распавядаючы ўсяму сьвету пра сваю працу ў навуковых часопісах. Таму, кажа Кілі, ня трэба баяцца, што без дзяржфінансаваньня навукоўцы перастануць публікавацца. Публікацыя як раз і ёсьць іх галоўным стымулам.

У Беларусі накірунак узяты на шырокую дзяржаўную падтрымку навукі. Прыватным кампаніям проста немагчыма спрычыніцца да прарываў беларускіх навукоўцаў: падатковая сыстэма ўладкаваная так, што магчымасьці інвэставаць у бізнэса даволі абмежаваныя.

Калі паслухаць спадара Кілі, то ўсе — і беларускія навукоўцы, і бізнэсоўцы і таямнічыя філянтропы, будуць адчуваць сябе сапраўды сэксуальна прыцягальнымі і задаволенымі сваім грамадзкім статусам, а дзяржава зможа зьберагчы немаленькія грошы.

­
SlaDa 19:10, 08/02/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0756 seconds.