«Дзе ставіць сьвечку, калі ў храме — хлеў?»

 

«Где ставить свечу, если в храме — сарай?»… Радкі зь песьні Вольгі Арэф'евай круціліся ў галаве падчас вандроўкі па гарадох і мястэчках у межах праграмы «Журналісты за гістарычную спадчыну». За тры дні мы праехалі каля 200 кілямэтраў. Усімі ўражаньнямі і думкамі за раз і не падзелісься.

­

 

Агульныя высновы: сытуацыя зьменіцца, калі зьменіцца і стаўленьне людзей да сваёй гістарычнай спадчыны. Доўгае знаходжаньне ў магутных дзяржаўных утварэньнях, як Расейская імпэрыя альбо Савецкі саюз, прывучылі захапляцца і прыгінацца перад вялікім: перад маштабнымі забудовамі, прасторамі, літаратурнымі творамі ў некалькі тамоў.

А тут бы японскае вока, здольнае бачыць прыгажосьць і касьмічную веліч у простым і дробным, прыкладам, у галінцы сакуры. Тады б беларусы ўсьвядомілі каштоўнасьць і хісткасьць таго нямногага, што засталося. І ўбачылі б, што кожны каменьчык — гэта цэлы сусьвет!


Нам пашанцавала на надвор’е: суха, марозна і сонечна. Ціха і велічна. І вось Зэмбін. Першае месца, куды мы трапляем, — гэта царква Сьвятога Міхаіла. З-пад прагніўшых лясоў выглядае, простая і велічная, царква, пабудаваная 103 гады таму. Царква, якая за сваё нядоўгае жыцьцё прымала чалавечы сум і радасьць, сьцены якой ведаюць сакрэты нашых дзядоў і бабак, пахаваныя пад надпісамі, кшталту:


Бязьлюдна. Падаецца, што жыцьцё адсюль выдзьмула ветрам праз пабураныя сьцены і правалены дах.


Сапраўды, на «Беларусі Бог жыве»… Бог, чый дом разбурылі і зьняважылі. Гэтае пачуцьцё ўзмацняецца, калі набліжаесься да другога вядомага зэмбінскага храму — касьцёлу Ўшэсьця Дзевы Марыі. У прынцыпе, многім знаёмы па фотаздымках.


Гэта легендарнае бусьлінае гняздо. Тое, што ўвесну птушкі вернуцца ў свой дом, дорыць надзею і суцяшае: хочацца верыць, што сюды вернуцца і людзі. Храм разбураны амаль ушчэнт і наўрад ці магчыма праводзіць там службы. Такому аб’екту патрэбная кансэрвацыя. Але нават калі замест даху — блакітнае неба, заместа іканапісу — шчыліны, замест малітвы шэпча вецер — гэтыя рэшты велічы вартыя захаваньня. Там неверагодная энэргетыка. І толькі цудам некранутая часам і абыякавасьцю Божая Маці глядзіць на застылы Зэмбін вось ужо дзьвесьце год.

З Барысаўскага раёна перабіраемся ў Докшыцкі, у гарадзкі пасёлак Бягомль. Выгляд царквы Ўсіх Сьвятых на даляглядзе дорыць трохі аптымізму. Ёй — сто трыццаць гадоў. Век царкоўны — ня век чалавечы. Хочацца патрапіць унутар храма, але дзьверы зачыненыя на замок.


Шкадаваньне, што не атрымаецца агледзець царкоўнае ўбраньне, зьмяняецца жахам. Так царква выглядае з адваротнага боку.


«І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
«На Беларусі Бог жыве…» —
І хай сабе жыве.

Але, выгнанага з цэркваў і касьцёлаў, яго, падаецца, няма ні ў галовах, ні ў сэрцах…

Знайшла ў Сеціве Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Бягомля на 2006–2010. У плянах там значыцца і рэканструкцыя царквы — на гэтыя мэты плянуецца выдзеліць 200–250 мільёнаў рублёў — гэта пад сто тысяч даляраў. Як праходзіць рэстаўрацыя аб'екта, бачна па фотаздымках:


Пасьля трапляем у Лепель. Аглядаем маленькую драўляную царкву Параскевы Пятніцы. Пасьля ўсяго ўбачанага яна выглядае неверагодна ўтульна і цёпла, хоць унутры і не натоплена. Гэтая царква прыблізна таго ж веку, што і ранейшыя храмы. І вось дрэва захавалася, а камяні - не.


Далей на нашай мапе Бешанковічы — раённы цэнтар у Віцебскай вобласьці. Там таксама аглядаем царкву — Ільінскую, ёй ля 150 гадоў. Царква зачыненая, закаваная ў прагнілыя лясы, у атачэньні нейкага сьмецьця.


Унутраны стан ад убачанага, ад наведваньня храмаў маленькіх мястэчак, ад усяго гэтага заняпаду, невызначаны. Зноўку ўзгадаліся радкі вершу, гэтым разам не Караткевіча, а Пімена Панчанкі, што выпала мне чытаць на школьным іспыце (першы білет, як зараз памятаю):

«Толькі страшна мне думаць пра тую хвіліну,
Калі гляну я ў вочы роднай краіне.
Буду хату шукаць, — а знайду руіны,
Буду маці гукаць, — адгукнецца магіла
На пагосьце старым пад вярбою пахілай.
Што ж, якой ты ні будзеш — і ноччу, і раньнем,
Я пазнаю цябе, я не здраджу табе»

Дарэчы, сам Пімен Панчанка рос і сталеў у Бягомлі. 


Такі вось настрой у мяне быў у першы дзень. Далей яшчэ чакаў Полацак, Глыбокае і Мосар. Але, як той кажа, гэта ўжо зусім іншая гісторыя, якой будзе працяг…

 

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.