ESIB выказаў пратэст палітызацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі
Прадстаўніком Беларусі ў ESIB зьяўляецца адзіная агульнанацыянальная студэнцкая арганізацыя ў Беларусі - Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў. Дзякуючы гэтаму прадстаўніцтву і беларускае студэнцтва мае магчымасьць далучыцца да стварэньня эўрапэйскай гісторыі на роўных са студэнтамі зь Вялікабрытаніі, Нарвэгіі, Швэйцарыі і яшчэ 31-й краіны Эўропы.
22-26 красавіка ў Banja Luka (Bosnia-Herzegovina)адбыўся 46-ты зьезд (Board Meeting) ESIB. Ўдзельнікі зьезду падтрымалі ЗБС у барацьбе супраць палітызацыі адукацыі, падтрымаўшы рэзалюцыю, якая накіраваная ўсім уплывовым эўрапейскім арганізацыям, у тым ліку, Савету Эўропы.
Эўрапэйскія студэнты займаюцца абмеркаваньнямі таго, як паскорыць практычнае выкананьне Балоньскай дэклярацыі , як забясьпечыць роўны доступ да адукацыі для людзей з рознай сэксуальнай арыентацыяй, як удасканаліць сыстэму крэдытнага фінансаваньня адукацыі. У гэты час у беларускіх унівэрсытэтах уведзены прадмет “беларуская дзяржаўная ідэалёгія” для чарговага прамываньня мазгоў беларускіх студэнтаў. А Міністэрства Адукацыі РБ прымае загады дзеля далейшага ўдасканаленьня ідэалягізацыі. (Апошні: № 283 ад 01.04.2004 “О неотложных мерах по организации идеологической работы в вузах”.)
ESIB вітае распрацоўку ЗБСам “Дэклярацыі правоў студэнтаў” як дзейны сродак выказваньня поглядаў, патрэбаў і праблемаў беларускага студэнцтва. “Дэклярацыі правоў студэнтаў” распрацоўвалася студэнтамі розных ВНУ Беларусі падчас студэнцкіх форумаў, якія адбыліся на працягу года ва ўсіх буйных гарадох краіны. Студэнты абмяркоўвалі мэханізмы абароны правоў студэнтаў, атрымлівалі парады ад юрыстаў, дасьведчаных у гэтай галіне, дыскутавалі, якімі мусяць быць правы беларускіх студэнтаў. І такім чынам выпрацоўвалі прапановы ў “Дэклярацыю правоў студэнтаў”. У межах гэтай кампаніі 28 красавіка ў Менску ЗБС правёў бясплатны студэнцкі рок-канцэрт “RОСК’by”. У ім удзельнічала больш за 300 студэнтаў з розных навучальных установаў. Перад студэнтамі выступілі 7 гуртоў з ВНУ Менска, Магілёва і Горак.
“Дэклярацыі правоў студэнтаў” будзе разгледжаная, дапрацаваная й зацьверджаная на канфэрэнцыі па правох студэнтаў, якую ладзіць ЗБС 15-16 траўня ў Менску.
ESIB выказаў пратэст умяшальніцтву КГБ у дзейнасьць Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, як яўнаму шляху прыцісьненьня студэнцкіх правоў. Нагадваем, што 14 красавіка сябра Рады ЗБС Сяржук Семянюк быў выкліканы ў дэканат, дзе два чалавекі, якія прадставіліся супрацоўнікамі Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі, зладзілі допыт аб дзейнасьці арганізацыі і грамадзкай дзейнасьці Сяржука ў прыватнасьці. (Прэс-рэліз ЗБС ад 14.04.2004)
Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў будзе працягваць абараняць правы студэнтаў у Беларусі і спрыяць рэфармаваньню сыстэмы вышэйшай адукацыі, прыцягваючы як уласныя рэсурсы, так і досьвед і дапамогу эўрапэйскіх партнэраў.
Прэс-служба ЗБС.