Беларуская акадэмія мастацтваў адстаяла асаблівы парадак прыёму абітурыентаў

Парадак прыёму ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, нядаўна зацверджаны Міністэрствам адукацыі, прадугледжвае правядзенне ўступных экзаменаў з 2 па 14 ліпеня. Раней жа прадпісвалася скараціць прыёмную кампанію ў гэтай ВНУ на тыдзень, расказала карэспандэнту БЕЛТА вядучы спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Алена Атраховіч. Паводле яе слоў, такія тэрміны прыёму абумоўлены спецыфікай акадэміі мастацтваў. У гэтай ВНУ, як і ў Беларускай акадэміі музыкі, адзін з асноўных экзаменаў — "творчасць" — складаецца з некалькіх раздзелаў. Напрыклад, на тэатральным факультэце па спецыяльнасці "акцёрскае майстэрства" трэба будзе здаць сцэнічную мову, сцэнічную пластыку і вакал, майстэрства акцёра. Будучым рэжысёрам драмы трэба паказаць свае здольнасці ў пісьмовым аналізе або каментарыі да п'есы або апавядання, па акцёрскаму майстэрству, а таксама ў пастаноўцы сцэнічнага эцюда. На мастацкім факультэце будучыя дызайнеры і спецыялісты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва будуць здаваць міні-экзамены па рысунку, жывапісу і кампазіцыі. Усе гэтыя творчыя іспыты патрабуюць часу, таму Мінадукацыі пайшло насустрач і прадоўжыла парадак прыёму ў акадэмію мастацтваў, адзначыла спецыяліст Мінкультуры.

Паводле слоў Алены Атраховіч, на дзённую, вячэрнюю і завочную формы навучання дакументы прымаюцца з 23 па 30 чэрвеня. Залічэнне на месцы, якія вызначаны кантрольнымі лічбамі прыёму, павінна адбыцца да 15 ліпеня, на платную форму — да 30 ліпеня.

У гэтым годзе на тэатральны факультэт будуць паступаць тыя, хто марыць стаць акцёрам тэатра і кіно, драматычным рэжысёрам, гукарэжысёрам і тэлеаператарам. На мастацкі факультэт традыцыйна прымаюць на спецыяльнасці: жывапіс, скульптура, графіка, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва. Факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва чакае будучых дызайнераў сродкаў вытворчасці і транспарту, вырабаў бытавога прызначэння, мэблі, інтэр'ераў, касцюма і тканіны, віртуальнай прасторы.

Як адзначыла спецыяліст Мінкультуры, перад уступнымі экзаменамі ў акадэміі з абітурыентамі будзе працаваць адборачная камісія. Яе рашэнне мае рэкамендацыйны характар.

<A href="http://www.belta.by/belnews.nsf" target=_blank>БелТА
@ptymist 00:00, 23/04/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0957 seconds.