Пераход на зімні час можа істотна паўплываць на працаздольнасьць і рытм жыцьця
Радасьць ад таго, што ў зьвязку з пераходам на зімні час спаць раніцай можна на гадзіну болей, для часткі людзей мае і іншыя наступствы — стомленасьць і раздражнёнасьць. Пераход на зімні час мае эканамічную выгоду, але нават гадзіна можа адбівацца на здароўі людзей адзін-два тыдні. Для тых, хто яшчэ не пасьпеў адаптавацца — некалькі парадаў.
З 27 на 28 кастрычніка Эўропа, ЗША, Канада і Мэксыка перайшлі на зімні час. Аўстралія, Бразылія і Чылі перайшлі, адпаведна, на летні час. Для нас стрэлкі гадзіньнікаў былі пераведзены на гадзіну назад. Грузія і краіны Цэнтральнай Азіі ў апошнія гады адмовіліся ад пераходаў зь зімовага на летні час. Не пераводзяць стрэлкі гадзіньнікаў таксама Японія і Паўднёвая Карэя, аднак у гэтых краінах разглядаецца магчымасьць увядзеньня летняга часу.
Народныя міты пра магчымасьць пасьля пераходу на зімні час спаць на гадзіну болей і, выкліканая гэтым радасьць, сябе ў рэчаіснасьці могуць і не апраўдаць. Пераход на летні час нясе за сабой больш наступстваў, але і перавод гадзіньнікаў на зімні час для вялікай колькасьці людзей даволі адчувальны.
Навукоўцы пацьвярджаюць уплыў нават самых нязначных ваганьняў у біялягічным рытме на стан абуджанасьці і сну, а таксама стан здароўя чалавека. Так, адаптацыя арганізма можа адбывацца ад 4 да 14 дзён. Хаця, насуперак меркаваньням шматлікіх мэдыкаў галоўны тэрапэўт Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Лапцева напярэдадні пераводу стрэлак заявіла, што чалавеку ў сярэднім неабходна адзін-два дні. Дарослыя людзі звычайна нармалёва прызвычайваюцца да зімовага і летняга часу.
Праяўляецца пераход на новы час у стомленасьці, падзеньні канцэнтрацыі, у зьменах настрою, раздражнёнасьці, бяссоньні, а таксама ў зьменах апэтыту. 8-12 % людзей першыя тыдні пасьля пераходу на новы час зьвяртаюцца нават за дапамогай да дактароў. Асабліва адчувальны пераход на новы час для хворых, маленькіх дзетак і людзей, якія пакутуюць на бяссоньне.
Ня трэба вычэрпваць у гэтыя дні са свайго арганізма апошнія сілы на працу. Варта таксама прытрымлівацца графіка пастаяннага сну. Для добрага сну мэдыкі раяць папіць тыдзень ці два гарбату з зёлкамі мэлісы ці валяр’яны. Утульнаму сну могуць паспрыяць таксама ванны для ног і цёплыя шкарпэткі. Асобам з парушэньнямі сну варта не злоўжываць грунтоўнай позьняй вячэрай і мінімум за тры гадзіны да сну ня піць каву, гарбату і іншыя абуджальныя напоі. Асобная парада тычыцца сну ўдзень, ім не варта злоўжываць, нават калі моцна хочацца, інакш будзе зьбівацца начны сон.
Аўтамабілістам і пешаходам таксама варта быць ўважлівымі. Брытанская каралеўская арганізацыя па прадухіленьні няшчасных выпадкаў (The Royal Society for Prevention of Accidents - RoSPA) прааналізавала, што пераход на зімовы час прыводзіць да росту ліку дарожна-транспартных здарэньняў. Пераход на гадзіну назад прыводзіць да таго, што ўвечары цямнець пачынае раней, чым звычайна, а раніцай большасьць аўтамабілістаў выяжджаюць на працу, калі яшчэ даволі цёмна.
Упершыню гадзіньнікавую стрэлку перавялі ў Вялікабрытаніі ў 1908 годзе. Расея ў першы раз перайшла на летні час у 1917 году, а з 1981 гады такія пераходы на тэрыторыі СНД сталі рэгулярнымі.