Самыя дэпрэсіўныя прафэсіі ў розных краінах
У сьпіс самых дэпрэсіўных заняткаў часта трапляюць даволі нечаканыя прафэсіі. Ангельскія, амэрыканскія і канадзкія навукоўцы публікуюць свае дасьледаваньні.
Прафэсіі, якія спрыяюць «дэпрэсіўнасьці», вызначаюць па такіх крытэрах, як сардэчныя ды іншыя захворваньні, ужываньне алькаголю і наркотыкаў, нэрвовыя збоі, разводы і ўдзел у аварыях. Вызначальнымі зьяўляюцца таксама ўзрост і полавая прыналежнасьць. Больш за ўсё ад дэпрэсіяў зьвязаных з абранай прафэсіяй і працай, пакутуюць жанчыны і моладзь.
Супрацоўнікі Ўпраўленьня наркалягічнай і псыхіятрычнай службы (SAMHSA) ў сваім дасьледаваньні называюць самымі дэпрэсіўнымі прафэсіямі ў ЗША працу ў сфэры дагляду за састарэлымі і дзецьмі. Апытаныя сказалі, што кожны год пакутуюць ад дэпрэсіі на працягу двух і больш тыдняў. На другім месцы апынуліся прафэсіі са сфэры харчовага абслугоўваньня — кухары, бармэны і афіцыянты. Супрацоўнікі аховы здароўя і сацыяльнай сфэры сярод апытаных назвалі таксама сваю спэцыяльнасьць нэрвовай. Менш усяго пакутуюць архітэктары, інжынэры і навукоўцы — іх статыстычныя дадзеныя 4,3%.
Па дасьледаваньнях ангельскіх навукоўцаў у рэйтынгу «небясьпечных» прафэсій лідэрамі сталі шахцёры, за імі апынуліся паліцыянты, далей будаўнікі і журналісты. Як ня дзіўна, але далей ідуць акторы, палітычныя і грамадзкія дзеячы. Псыхолягі тлумачаць — яны «працуюць на публіку», а гэта псыхалягічна складана.
Самая ж спакойная праца ў Вялікабрытаніі — у супрацоўнікаў бібліятэк і музэяў.
А вось у Канадзе падобнае дасьледаваньне дало іншыя вынікі: самая цяжкая прафэсія (ва ўсякім разе, у Канадзе — музыка. Па меркаваньні псыхолягаў, нэрвы музыкаў пакутуюць ад сталага посьпеху, гастрольных пераездаў, бесцырымоннага дыктату дырыжораў.
Звычайна суправаджаюцца дэпрэсіі стратай цікавасьці да працы, апэтыту, апатыяй і недахопам энэргіі для паўнавартаснага жыцьця, парушэньнямі сну і зьніжэньнем канцэнтрацыі ўвагі.
Вядома, сьпіс самых дэпрэсіўных прафэсіяў можа адрозьнівацца ў розных краінах. Фактарам для вызначэньня гэтага сьпісу можа быць і сацыяльна- грамадзкія падзеі. Застаецца толькі здагадвацца, як выглядае сьпіс такіх прафэсіяў ў Беларусі.