Вучыся, студэнт!..
Карыстаньне бібліятэчнымі кнігамі зрабілася платнай прывілеяй.
Пэўна, няшмат знойдзецца прадстаўнікоў студэнцкага асяродку, якія за час знаходжаньня ў вышэйшай навучальнай установе не наведалі б факультэцкую скарбніцу ведаў – бібліятэку. Бо як не пазьбягай сустрэчы з alma mater, але ж граніт навукі пагрызьці ўсе ж такі прыйдзецца так ці інакш, асабліва ў час заліковай ці экзаменацыйнай сэсіі. Новая сыстэма кантролю ведаў пільна сочыць за навучэнцамі неўміручым вокам мікразалікаў, ператвараючы невялікія памяшканьні бібліятэкаў у месца паломніцтва студэнцкага братэрства: хтосьці з найбольш паслухмяных бавіць тут большую частку ўласнага жыцьця, корпаючыся сярод пылу кніжных фаліянтаў, хтосьці шпарка канспэктуе толькі неабходнае, жадаючы як мага хутчэй уцячы на “вольнае паветра”, а найбольш кемлівыя папросту ксэракапіююць патрэбныя старонкі падручнікаў, значна палягчаючы тым самым намаганьні, што затрачваюцца на падрыхтоўку да заняткаў.
Студэнтаў БДУ, што наведалі бібліятэкі апошнім часам, чакала цікавая зьвестка: цяпер, каб мець магчымасьць “зьняць” друкаваны зьмест кніжак, трэба спачатку за іх заплаціць. Зрабіць неабходна ўсяго нічога: зьявіцца ў галоўны корпус ўніверсытэту, пералічыць на рахунак БДУ пэўную колькасьць грошаў, атрымаць замест грашовых адзінак квітанцыю, паводле якой й будуць выдавацца факультэцкія падручнікі на ксэракс. Кошт адной кнігі складае 40 рублёў.
Адкуль узялася менавіта гэткая лічба застаецца загадкай, зрэшты, як і прынцыпы, згодна якіх яна складалася: мо, улічвалася тая ступень зношанасьці, што мае адбіцца на кнізе за час яе пяціхвіліннай адсутнасьці ў бібліятэцы, мо яшчэ якія сьпецыфічныя патрабаваньні да захаваньня крыніц ведаў у належным выглядзе – аб гэтым зараз мажліва толькі здагадвацца. Шкаляры жартуюць наконт таго, што хутка і ўваход ва ўнівэрсытэт зробяць платным.
Насамрэч, не да жартаў. Студэнству, і так ня збалованаму колькасцю вольных гадзінаў, зараз прыйдзецца марнаваць свой час яшчэ і на праходжаньне пэдантычнай працэдуры. Не кажучы ўжо пра студэнтаў платных формаў навучаньня, якія аддаюць значныя грошы за атрыманую адукацыю. Як ім успрымаць гэткі крок кіраўніцтва? Шмат хто з такіх навучэнцаў трымае на карку адну, а то і дзьве працы, сумяшчаючы іх з навучаньнем, каб назьбіраць неабходную колькасьць грошаў за сэмэстар – вось у іх сапраўды не знойдзецца вольнай хвіліны на новаўводзіны.
Між тым колькасць мэтаў, якія патрабуюць пэўных унёскаў з мізэрнага студэнцкага бюджэту, кожным годам павялічваецца. Не так шмат часу прайшло з моманту, калі навучэнцы выклалі грошы за новы плястыкавы студэнцкі білет, разрэклямаваных звышмагчымасьцей якога, па вялікаму рахунку, так і не ўбачылі (не так далёка год наступны – плаціць прыйдзецца зноўку), унесьлі ўклад у будаўніцтва новай бібліятэкі (ці апошні раз – таксама не вядома), і гэта не зважаючы на шэрах раздруковак з заданьнямі да семінарскіх заняткаў, пытаньнямі да залікаў і экзаменаў, ды іншыя праявы рэчаіснасьці навучальнага працэсу, набываць якія студэнт павінен за ўласныя сродкі. Адукацыя ператвараецца ва ўсё больш затратную прывілею. Рыхтуйце вашыя кішэні, спадарства...