Лепшыя фільмы Канскага фэстывалю пакажуць у Менску

Фільмы конкурснай праграмы Канскага фэстывалю зноўку ў Менску. Новы сэзон «Канаманіі» пачнецца паказам псыхалягічнага трылеру «Задыяк», зьнятага Дэвідам Фінчэрам.

«Канаманія» — сумесны праект радыёстанцыі Unistar і УП «Кінавідэапракат» — гэта карціны, якія раней не дэманстраваліся на экранах менскіх кінатэатраў. Усе прэм’еры паказваюцца ў межах эксклюзіўнага пракату.

Фільмам Дэвіда Фінчэра «Канаманія» распачынаецца не выпадкова. «Задыяк» адкрыў і сам Канскі фэстываль і да самага апошняга моманту ішоў у фаварытах.

Дэвід Фінчэр — амэрыканскі рэжысэр, вядомы па стужках «Сем», «Гульня», «Байцоўскі клюб».

«Задыяк» — гісторыя аб справе амэрыканскага сэрыйнага забойцы па мянушцы Задыяк. Ён зьдзейсьніў 37 злачынстваў за 12 год, але так і ня быў злоўлены паліцыяй. У аснове стужкі — рэальныя падзеі канца 1960-х, а ў галоўных ролях — Джэйк Гіленхаал, Робэрт Даўні-малодшы і Марк Руфала.

Сам рэжысэр так бачыць ідэю «Задыяку»:

«Мой фільм — не пра злачынствы. Ён аб тым, што чалавечы розум імкнецца ўсяму знайсьці лягічнае тлумачэньне, унесьці яснасьць у сытуацыю, якая, здавалася б, не паддаецца асэнсаваньню.»

Ніхто не распавядзе пра стужку, чым ейны аўтар. Таму напярэдадні прэм’еры «Задыяку» ў менскім пракаце рэжысэр Дэвід Фінчэр і выканаўца галоўнай ролі Джэйк Гіленхаал прадставяць фільм у этэры радыё Unistar.

«Задыяк» можна будзе ўбачыць на экране «Дома кіно» (вул. Талбухіна, 18) з 28 верасьня па 1 кастрычніка.

Прэм’ера — ў пятніцу, а 18.00.

Паводле прэс-рэлізу

13:56, 26/09/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.064 seconds.