Правы студэнтаў у Горках

21 сакавіка ў Горках прайшоў сэмінар па абароне студэнцкіх правоў, арганізаваны Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў. Ягонымі ўдзельнікамі сталі студэнты мясцовай сельгасакадэміі. У час імпрэзы маладзёны абмеркавалі ня толькі тыповыя прыклады парушэньня правоў студэнтаў, але і паспрабавалі акрэсьліць уласна сьпіс гэтых правоў.

Асноўнымі зь іх былі названыя: права на аб'ектыўную ацэнку ведаў, паважнае стаўленьне з боку выкладчыкаў, доступ на апошнюю навуковую інфармацыю, свабодны дыплём і іншыя. Сярод галоўных парушэньняў маладзёны вылучылі платную адпрацоўку прапушчаных заняткаў, а таксама прымусовае разьмеркаваньне.

Імпрэза завершылася дыскусіяй на тэму супрацы з адміністрацыяй. Прысутныя прыйшлі да высновы, што супрацоўніцтва, а не барацьба з кіроўным апаратам ВНУ можа прынесьці плён у абароне правоў і папярэджаньні іх парушэньняў.

Вольга Кузьміч, Старшыня Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, адна з трэнэраў сэмінара, заявіла, што інфармацыя, атрыманая ў часе абмеркаваньняў на сэмінары, будзе скарыстаная для выданьня даведніка “Тыповыя парушэньні правоў студэнтаў у Беларусі”, а таксама ў далейшай працы ЗБС.

Самі ўдзельнікі сэмінара прызналіся, што тэма была вельмі актуальнаю і паспадзяваліся, што да наступнага абмеркаваньня можна будзе падключыць адміністрацыю ВНУ.

Ільля Заранок

tarka 00:00, 22/03/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0047 seconds.