Адзінота ўплывае на актыўнасць генаў
Сталае адчуваньне адзіноты зьвязанае з устойлівымі зьменамі актыўнасьці больш чым 200 генаў, якія адказваюць за імунныя рэакцыі.
Да такіх высноваў прышлі навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, дасьледваньне якіх было апублікаваным у часопісе Genome Biology.
З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што ўзровень сьмяротнасьці сярод адзінокіх людзей істотна вышэйшы, чым сярод тых, каму хапае ўвагі.
Пры гэтым падвышаная рызыка датэрміновай сьмерці, зьвязанай з адзінотай, можа тлумачыцца такімі фактарамі, як, напрыклад, недахоп клопату і адсутнасьць матэрыяльнай падтрымкі падчас цяжкай хваробы. Аднак дадзеныя амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што ўзьдзеяньне адзіноты на здароўе закранае фундамэнтальныя біялягічныя працэсы ў арганізьме чалавека.
У экспэрымэнце ўзялі ўдзел 14 чалавек, якіх пратэставалі па шкале адзіноты. Затым навукоўцы ацанілі актыўнасьць вядомых на сёньняшні дзень генаў, зьвязаных з імуннай сыстэмай (209), у белых клетках крыві (лейкацытах) удзельнікаў.
У людзей, якія адчувалі сябе адзінокімі, назіралася падвышаная экспрэсія генаў, якія адказваюць за актывацыю імуннай сыстэмы і ініцыяцыю запаляльных працэсаў. У той жа час некалькі ключавых групаў генаў, якія адказваюць за выраб антыцел і абарону ад вірусных інфэкцыяў, дэманстравалі паніжаную актыўнасьць.
Знойдзеныя адхіленьні былі напрост зьвязаныя з суб’ектыўным адчуваньнем адзіноты і ніяк не залежалі ад рэальнай колькасьці знаёмых. У будучыні гэтыя асаблівасьці экспрэсіі генаў можна будзе выкарыстоўваць у якасьці «біямаркераў» адзіноты, наяўнасьць або адсутнасьць якіх будзе улічвацца ў выбары тактыкі лячэньня хворага.
Фота netlarus.com