!Axтунг-Berlin!: фэст нямецкага кіно ў Менску

Беларусы першымі ва Ўсходняй Эўропе пазнаёмяцца з малавядомымі працамі папулярнага рэжысэра Тома Тыквера і двух маладых рэжысэраў Стэфана Кромэра і Сэбастыяна Шыпэра ў межах фэсту нямецкага кіно 14-16 верасьня.

Ужо добра вядомы беларусам праект InterFilmWostok і кампанія German Film прадстаўляюць сэрыю !Axтунг-Berlin!. З 14 па 16 верасьня можна будзе пазнаёміцца з малавядомымі беларускім гледачам нямецкімі стужкамі.

Падобныя паказы нямецкіх фільмаў ужо шэсьць год праходзяць у Маскве і Кіеве. Паколькі ў Беларусі мала ведаюць аб сучасным нямецкім кіно, менавіта са сталіцы Беларусі распачнецца паказ фільмаў ад German Film.

Так што ў нас ёсьць шанец першымі ўбачыць два поўнамэтражных фільма маладых нямецкіх рэжысэраў і дзьве кароткамэтражныя стужкі Тома Тыквера.

На Беларусі паказ вырашылі назваць «фэстам», з тым, каб у выпадку посьпеху і зацікаўленасьці публікі, ладзіць сапраўдныя, маштабныя фэсты штогод.

Імя Тома Тыквера можна было ўбачыць па ўсім горадзе на афішах «Парфумэра». Але ў рэжысэра акрамя экранізацыі кнігі Патрыка Зюськінда і фільма «Бягі, Лола, бягі», ёсьць не адна вартая ўвагі праца.

Праграма фэсту пройдзе ў тры дні. Кожны сэанс будзе складацца з двух блёкаў: паказу аднаго з кароткамэтражных фільмаў Тыквера і адной поўнамэтражнай стужкі заяўленых рэжысэраў. Фільмы, зразумела, будуць чаргавацца.

Такім чынам, у Доме кіно за тры дні можна будзе ўбачыць:

  • «Лета 04» (рэжысэр Стэфан Кромэр): сонца, яхты, каханьне, душэўныя мукі...
  • «Адзін мой сябар» (рэжысэр Сэбастыян Шыпэр): два хлопцы, адна дзеўчына і хуткія аўто
  • «Таму што» (рэжысэр Том Тыквер)
  • «Эпілёг» (рэжысэр Том Тыквер)

На фота Том Тыквер

SlaDa 12:38, 12/09/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.