Новы сэзон швэдзкай культуры ў Менску

Новы сэзон культурніцкіх мерапрыемстваў ад Аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску распачнецца выставай «Сучаснае швэдзкае ювэлірнае мастацтва: пашыраная калекцыя», якая пройдзе ня толькі ў сталіцы, а яшчэ і ў Віцебску. Таксама адбудуцца майстар-клясы вядомых швэдзкіх ювэліраў.

­

Экспанаты гэтай выставы даюць агульнае ўяўленьне пра падзеі, што адбываюцца на сучаснай швэдзкай ювэлірнай сцэне. Вынік працы пятнаццаці мастакоў-удзельнікаў праекта – разнастайныя па сваёй форме і матэрыялу мастацкія творы, што дэманструюць розныя і самабытныя канцэпцыі і шляхі ўвасабленьня.

Частка экспанатаў зроблена са срэбра, але выкарыстоўваецца таксама дрэва, папера, плястмаса ды сылікон. Сюжэты сваіх працаў мастакі чэрпаюць у прыродзе, успамінах ці тэхнічным прагрэсе, своеасабліва апрацоўваючы іх і ператвараючы ў самабытныя мастацкія ўпрыгожваньні.

11 верасьня вядомыя швэдзкія ювэліры і дызайнэры Караліна Ліндхольм і Эрык Тыдэнг правядуць майстар-кляс па сучасным дызайне. Узяць удзел змогуць усе жадаючы. Для гэтага трэба проста прыйсьці ў аўторак ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтва (галоўны корпус, 2 паверх) а 16.00.

Адкрыцьцё выставы ў Менску адбудзецца 13 верасьня а 17.00 у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры (вул. К. Маркса, 12).

З выставай можна пазнаёміцца да 21 кастрычніка.

SlaDa 12:56, 07/09/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4786 seconds.