“Родная мова — паказальнік апазыцыйнасьці”,

— зазначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Дубовік падчас сустрэчы з студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ.

Наведваньне студэнтамі-журналістамі беларускага парляманту сталася ўжо добрай завядзёнкай. А адбываецца яно апошнія некалькі гадоў у межах адмысловай дысцыпліны “Паліталёгія журналістыкі”, якую на трэцім курсе выкладае дэкан факультэта Васіль Вараб’ёў. Журналісты-пачаткоўцы атрымалі цудоўную мажлівасьць пабываць там, куды для звычайнага чалавека ўваход забаронены. У прэсавым цэнтры яны пачулі цікавы аповяд аб працы сваіх будучых калегаў, напрыканцы ж аблюбавалі дэпутацкія месьцейкі ў сьвятая сьвятых — “Авальнай залі”. Але самае цікавае адбылося падчас сустрэчы студэнтаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Натальляй Аўдзеевай і Мікалаем Дубовікам.

Кіраўнік прэсавага цэнтру Міхаіл Баброў прывітаў гасьцёў па-беларуску, але пасьля, да зьдзіўленьня прысутных, прамовіў: “Прошу меня извинить, но продолжать дальше я буду на руском языке. Так проще.”

Прадстаўнікі народу ў парляманце падрабязна распавялі гасьцям пра сваю дзейнасьць і вельмі ўпэўнена адказвалі на пытаньні маладых журналістаў, што закранулі амаль усе існыя праблемныя тэмы, пачынаючы ад зьнешнепалітычных стасункаў нашых парлямантарыяў і да новага законапраэкту “Аб друку і іншых СМІ”. Калі сустрэча блізілася да завершаньня, пад усеагульныя аплядысмэнты ў залі прагучала наступнае пытаньне: “Згодна з нашай Канстытуцыяй дзве мовы маюць роўныя правы і статус дзяржаўных. Дык чаму ж беларуская мова ня гучыць у парляманце. Дэпутаты яе ня ведаюць ці грэбуюць матчыным словам?”

М.Дубовік: “Ня грэбуем. “Матчыну мову” мы хорошо знаем. Но поймите, наше поколение росло в непростых условиях фактического одноязычия и на русском нам куда проще изъясняться. Сам я приехал из глубинки и все время старался избавиться от пресловутой «колхозности» в общении. Нас несколько раз ломали в языковом плане, а силой такие вопросы не решаются. Мои дети окончили белорусскую школу — вот мое отношение к родному языку. Но давайте посмотрим на эту проблему с другой стороны. Приеду я к своим избирателям в Узденский район и буду говорить с ними по-белорусски. Так ведь скажут: “Приехал Дубовик-оппозиционер!”

Не, Мікалай Мікалаевіч, ня скажуць! Бо згодна з вынікамі апошняга перапісу насельніцтва, больш за 80 адсоткаў рэспандэнтаў роднай мовай лічаць менавіта беларускую; бо на гэтай цудоўнай мове гаварылі іхныя й вашыя дзяды; бо гэта мова Скарыны й Купалы, Коласа й Быкава; бо родная мова, нарэшце, ёсьць галоўным складнікам самабытнасьці кожнае нацыі, яе права на самавызначэньне! Калі ж вы гэтага не разумееце й цалкам атаясамляеце матчына слова з прыналежнасьцю да такой непажаданай вам “оппозиционностью”, — няшчасная тая краіна, законы для якой вы пішаце і той народ, інтарэсы якога вы прадстаўляеце!    

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.193 seconds.