Прэм'ера «Свабоднага тэатру» скончылася ў Савецкім РАУС

Вечарам, 22 жніўня, былі затрыманы акторы і гледачы «Свабоднага тэатру». Каля 50 чалавек былі адпраўлены ў РАУС Савецкага раёну для высьвятленьня асобы. Сярод затрыманых былі дзеці і грамадзяне іншых краінаў.

Як распавяла мэнэджэрка «Свабоднага тэатру», прэм’ера новага спэктаклю традыцыйна праходзіла не ў тэатральным будынку, а ў маленькай хаце ў прыватным сэктары Менску. Гэтым разам уладам было мала таго, што акторы мусяць працаваць у нейкіх падпольных умовах. Відаць, праваахоўчыя ворганы пакрыўдзіліся, што іх не было ў сьпісе гасьцей – таму прыехалі без запрашэньня.

Да хаты, дзе праходзіў спэктакль, пад’ехаў аўтобус, а ў ім - пяць амапаўцаў, пяць гэбэшнікаў і тры міліцыянты. Прыехалі яны нібыта на тэлефонны званок суседзяў, якія скардзіліся на гул. Дарэчы, гулу там ад «Свабоднага тэатру» ня болей, чым ад будоўляў, якія ідуць навокал.

Напачатку дзесятай вечара ўсе гледачы і акторы, акрамя цяжарнай і адной акторкі, якіх адпусьцілі адразу, былі дастаўлены ў Савецкае РАУС. Працэдура была доўгай – усіх перапісалі і ў прыватным характары патрабавалі тлумачэньня. Гасьцей зь дзецьмі апыталі першымі, потым адпусьцілі грамадзян Галяндыі і Францыі.

Культурны сьвет Беларусі ўзрушаны затрыманьнем «Свабоднага тэатру». Прадстаўнікі інтэлегенцыі бачаць у гэтым замах на свабоду культуры. Але незарэгістраванаму тэатру не прызвычайвацца да цяжкіх умоваў працы на радзіме. Нягледзячы на перашкоды, усе спэктаклі «Свабоднага тэатру» зьбіраюць «поўныя залі», хай сабе і ў хаце прыватнага сэктару. Ня кажучы ўжо пра любоў эўрапейцаў да «Свабоднага тэатру» і прызнаньне выбітных культурных дзеячаў сьвету, кшталту Гаральда Пінтэра або Міка Джагера.

Фота: Даша Слабчанка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.