Летняя сэсія 2008 Коласаўскага ліцэя будзе фінансавацца Варшавай і Гданьскам

Сродкі на летняе навучаньне ліцэістаў у 2008 будуць выдзелены з гарадзкіх бюджэтаў Варшавы і Гданьску. Сёлета вучні засвоілі 1500 гадзін навучальнай праграмы ўсяго за паўтары месяцы. Летняя сэсія 2007 прайшла ў Закапанэ, Гданьску і Варшаве.

Улады Варшавы і Гданьску будуць фінансаваць са сваіх гарадзкіх бюджэтаў летнюю сэсію 2008 навучэнцаў былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, афіцыйна зачыненага ўладамі ў 2003, паведамляюць «Беларускія навіны» са спасылкай на БелаПАН.

Сёлетняя сэсія ліцэя праходзіла з 1 ліпеня па 15 жніўня. Па словах У. Коласа, у выніку інтэнсіўных заняткаў выкладчыкі ліцэю за гэты час выканалі навучальную праграму ў 1500 гадзін. Але ліцэісты ня толькі ўпарта вучыліся, але і добра адпачылі: летняя сэсія праходзіла ў цэнтры горнага турызму Закапанэ, на марскім курорце Гданьск і ў Варшаве. Для вучняў былі арганізаваны экскурсіі і пазнавальныя сустрэчы зь цікавымі людзьмі: палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, настаўнікамі.

Таксама падчас сэсіі ліцэісты паставілі спэктакль па пьесе Міхала Анемпадыстава і Лявона Вольскага «Народны альбом» і тройчы паказвалі яго польскім гледачам.

А з 12 па 14 кастрычніка спэктакль будзе прадстаўлены ў праграме Фэстывалю нацыянальных меншасьцяў Гданьска.

Таксама У. Колас паведаміў, што восеньская вучэбная сэсія ліцэістаў заплянаваная ў Вільнюсе. Ідуць перамовы аб правядзеньні будучых сэсіяў у Германіі і Францыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0549 seconds.