Тэст на рашучасьць

У ВНУ краіны пачаліся традыцыйныя дні адчыненых дзьвераў, а парадак прыёму ўсё яшчэ знаходзіцца на ўзгадненьні ў Савеце Міністраў. У школах чакаюць інструкцыю аб правядзеньні адзінага цэнтралізаванага тэставаньня, а яна яшчэ не зацьверджаная. Мэтадычныя дапаможнікі па падрыхтоўцы вучняў да новай формы іспытаў зьявяцца толькі ў сакавіку. А мясцовыя органы ўлады ліхаманкава падлічваюць сродкі на арганізацыю падвозу дзяцей да адмысловых пунктаў тэставаньня.

"Нізы" і раней ставіліся да гэтай навацыі крытычна: псыхолягі не рэкамэндавалі без дастатковай падрыхтоўкі зьмяняць форму кантролю ведаў; настаўнікі наракалі на адсутнасьць мэтадычных дапаможнікаў; бацькі лічылі, што на іхных дзецях экспэрымэнтуюць; у ВНУ баяіся, што колькасьць "сэртыфікаваных " абітурыентаў пераўзыдзе колькасьць месцаў у аўдыторыях. Але ўвядзеньне новай сыстэмы ацэнкі ведаў было падтрыманае "зьверху" як магчымасьць забясьпечыць больш аб'ектыўную ацэнку, паставіць усіх выпускнікоў у роўныя ўмовы і выключыць магчымасьць  даваньня хабару.

Як аргумант на карысьць правядзеньня абавязковага цэнтралізаванага тэставаньня прыводзіліся дадзеныя аб папулярнасьці гэтае формы сярод выпускнікоў краіны. "У мінулым годзе ў цэнтралізаваным тэставаньні па ўсіх прадметах прынялі ўдзел каля 44% выпускнікоў. У прыёмныя камісіі ВНУ прадставілі сэртыфікаты каля 80% зь іх, -- спасылаецца на статыстыку дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. -- Больш за 73% з тых , хто прадставіў сэртыфікат, сталі студэнтамі".

Чыноўнікі, прааналізаваўшы гэтыя лічбы, вырашылі пайсьці далей і сумясьціць хоць бы адзін з уступных іспытаў з выпускным. Абралі расейскую ці беларускую мову, паколькі якасьць тэстаў па гэтых прадметах правераная часам, а любы адмысловец мусіць умець карыстацца моваю як сродкам зносінаў.

Аднак існуе і шэраг пралемаў, такіх як захаваньне канфідэнцыйнасьці, неабходнасьць забясьпячэньня дастатковым кампутаровым абсталяваньнем, неабходнасьць за тыдзень апрацаваць да 60 тысячаў працаў, падвоз дзяцей да пунктаў тэставаньня. А.Лукашэнка ўжо заявіў, што "дзяржава ня можа дазволіць сабе выдаткоўваць вялізныя сродкі на экспэрымэнт, якому наканаваны правал альбо малы эфэкт".

У той самы час міністар адукацыі  Аляксандр Радзькоў заяўляе пра тое, што адступаць ужо запозна: маўляў, ужо праведзеная вялізная праца па падрыхтоўцы тэставаньня.

Zmitrok 00:00, 04/03/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2585 seconds.