Праект закону аб новым правапісе будзе разьмешчаны на сайце Міністэрства адукацыі
Праект закону «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» будзе разьмешчаны на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі, каб кожны жадаючы мог выказаць свае заўвагі і пажаданьні. Гэтае рашэньне было прынятае 31 ліпеня на паседжаньні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
У інтэрвію БелаПАН старшыня камісіі Ўладзімір Здановіч адзначыў, што законапраект будзе разгледжаны на восеньскай сэсіі парлямэнту.
«Камісія атрымала адказы на ўсе пытаньні, якія нас цікавілі, у тым ліку і датычна фінансавых выдаткаў пры прыняцьці законапраекта. Мы прыйшлі да высновы, што ня маем прычынаў ні адхіляць праект, ні адпраўляць яго на дапрацоўку», - заявіў дэпутат.
Па словах У. Здановіча, распрацоўшчыкі законапраекта прынялі частку паправак дэпутатаў:
«Мы прыйшлі да высновы, што існуе тры сымбалі беларускай дзяржаўнасьці: герб, гімн і сьцяг. Пры напісаньні словаў «дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь» усе словы трэба будзе пісаць зь вялікай літары.»
У законапраекце канкрэтызуецца напісаньне загалоўнай літары ў назовах дзяржаўных установаў і пасадаў. У.Здановіч таксама адзначыў, што вырашылі адмовіцца ад «аканьня» на канчатках словаў.
Акрамя таго, членамі профільнай парлямэнцкай камісіі прынятае рашэньне адкласьці момант набыцьця законам моцы з 2008 на 2010.