Новы погляд на гісторыю Расеі: ідэалёгія або здаровы сэнс?

У Расеі зьявіліся новыя мэтадычкі па гісторыі, у якіх яўна прасочваецца пазыцыя і погляд на гісторыю прэзыдэнта Пуціна, а аўтары маюць непасрэднае дачыненьне да Крамля. Усе спрэчныя моманты ў кіраваньні Пуціна знаходзяць адабрэньне. А Іосіф Сталін называецца «самым пасьпяховым лідэрам СССР». Пры гэтым складальнікі лічаць гэта не ідэалёгіяй, а здаровым сэнсам.

Брытанскі The Times прааналізаваў зьмест некаторых зь іх і прыйшоў да высновы: Крэмль падаўся ў школы, каб прывіць дзецям новае пачуцьцё нацыянальнай годнасьці.

Новыя мэтадычкі «грашаць» ігнараваньнем жахаў савецкіх часоў і ўтрымоўваюць прапаганду, якая адлюстроўвае бачаньне «вялікай дзяржавы» Пуціным. Напрыклад, у мэтадычцы па сацыялёгіі можна знайсьці меркаваньне дзеячага прэзыдэнта наконт развалу СССР:

«Гэта найвялікшая геапалітычная катастрофа XX стагодзьдзя.»

Злучаным Штатам прыпісваецца імкненьне да стварэньня сусьветнай імпэрыі і ізаляцыі Расеі.

Шмат з тых, хто меў дачыненьне да напісаньня мэтадычцы па гісторыі Расеі ў перыяд 1945-2006, цесна зьвязаныя з Крамлём.

Апошняя глава пад назовам «Сувэрэнная дэмакратыя» утрымлівае шмат цытатаў Уладзіслава Суркова (памочніка прэзыдэнта, намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта). Менавіта Суркоў увёў гэты тэрмін у ідэалягічная апраўданьне аўтарытарнай улады Пуціна. Ня дзіва, што ў дадзенай главе «кожная істотная зьява ў жыцьці Расеі» з 2000 (калі Пуцін стаў прэзыдэнтам) зьнітаваная зь імём Уладзіміра Уладзіміравіча.

Усе спрэчныя дзеяньні Пуціна паказаныя ў адабральным сьвеце. Напрыклад, справа ЮКОСа і заключэньне ў вязьніцу Міхаіла Хадаркоўскага. У мэтадычцы гэта называецца «недвухсэнсоўным пасланьнем» бізнэсу «паважаць закон, плаціць усе падаткі і не высоўвацца вышэй за ўрад» з дадаткам «і пасланьне было атрымана».

Таксама адабраецца і падтрымка з боку Пуціна Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў 2004.

Іосіф Сталін у мэтадычцы пазыцыянуецца як «самы пасьпяховы савецкі лідэр». Пры тым масавыя зачысткі і працоўныя турэмны лягеры як частка ягонай палітыцы апускаюцца.

Гэтыя мэтадычкі напісаныя ў дапамогу аўтарам школьных падручнікаў па гісторыі на наступны год. Але Міністэрства адукацыі заявіла, што мэтадычкі ня будуць абавязковымі.

Сваю пячатку пад зьместам мэтадычак Пуцін паставіў мінулым месяцам на сустрэчы з настаўнікамі на ягоным лецішчы. Камянтуючы сталінскую зачыстку, ахвярамі якой стала 700 тысяч чалавек, а паўтары мільёны апынуліся ў вязьніцы, Пуцін пагадзіўся:

«Гэта было жахліва, але ў іншых краінах адбываліся горшыя рэчы.»

Леанід Палякоў, рэдактар мэтадычкі па сацыялёгіі, заявіў:

«Мы разьвіваем нацыянальную ідэалёгію, якая адлюстроўвае нашую візію нас саміх як нацыі, як народа, візію нашай саматоеснасьці. Настаўнікі змогуць уключыць гэтую ідэалёгію, гэтую візію ў сваю непасрэдную дзейнасьць і выкарыстоўваць для фарміраваньня патрыятычнай пазыцыі.»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0072 seconds.