Хто дапаможа беднаму студэнту?
У Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт паступае вучыцца вельмі мала дзяцей сялян. Абурэньне гэтым фактам на сустрэчы з рэктарам БДУ Васілём Стражавым выказаў Аляксандар Лукашэнка. Але гэты факт лішні раз пацьвярджае нізкі ўзровень адукацыі ў вясковых школах, бо іхныя выпускнікі атрымліваюць на ўступных іспытах у БДУ на тры балы больш толькі за сваё “негарадзкое” паходжаньне.
Падчас сустрэчы з Васілём Стражавым у яго новай якасьці – рэктара Белдзяржунівэрсытэту – А.Лукашэнка падкрэсьліў, што сёлета на першым курсе гэтай ВНУ навучаецца толькі 1% студэнтаў зь вёскі. Гэтак, на факультэце журналістыкі – 1%, міжнародных стасункаў – 0,5%, на юрыдычным – нікога. Разам на бюджэтнай форме навучаньня ў БДУ на першым курсе навучаецца 26 студэнтаў зь сельскай мясцовасьці – гэта дало падставу А.Лукашэнку назваць БДУ “вышэйшай навучальнай установай Менску”.
Кіраўнік дзяржавы даручыў у парадку экспэрымэнту падрыхтаваць прапановы па карэктаваньні правілаў прыёму на прэстыжныя факультэты БДУ, сярод якіх – журналістыкі, міжнародных стасункаў, эканамічны.Чаму атрымалася так, што кіраўніцтва краіны не задавальняе тое, пра што яно ўвесь час дбала? Ніхто не пярэчыць, што было імкненьне зрабіць Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт элітнай навучальнай установай, на галаву вышэйшай за астатнія ўнівэрсытэты ды акадэміі. Для гэтага патрэбна большыя патрабаваньня прад’яўляць як да навучальнага працэсу, выкладчыцкіх кадраў, гэтак і да абітурыентаў. І вось такія патрабаваньні былі прад’яўленыя – і як адказ на іх: скарацілася колькасьць студэнтаў зь сельскай мясцовасьці. Яны проста ня вытрымалі патрабаваньняў іспытаў, а можа – і больш высокай псыхалягічнай нагрузкі. І гэта – нягледзячы на тое, што абітурыенты зь сельскае мясцовасьці апрыёры знаходзяцца ў лепшым становішчы, чымся гараджане.
Адчынім “Правілы прыёму ў Беларускі дзяржаўны унівэрсітэт на 2003 год” – іх, дарэчы, можна знайсьці на сайце БДУ http://www.bsu.by . Цікава, між іншым, што дзьве асобы, якія іх зацьвярджалі, цяпер не працуюць на сваіх пасадах - Рэктар Беларускага дзяржаўнага універсытэту прафэсар А. Казулін ды міністар адукацыі Рэспублікі Беларусь прафэсар П. Брыгадзін. Трыццаты пункт правілаў цьвердзіць наступнае: “Выпускнікам сельскіх навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй або прафесійна-тэхнічнай адукацыі (на аснове базавай школы), якія пастаянна пражываюць у сельскіх населеных пунктах не менш 2 гадоў, пры паступленні на ўсе спецыяльнасці і формы навучання дадаткова налічваюцца 3 балы. Гэта правіла не распаўсюджваецца на абітурыентаў, якія пасля атрымання сярэдняй адукацыі займаліся ў іншых навучальных установах, і абітурыентаў, якія скончылі сельскія навучальныя ўстановы новага тыпу (ліцэі, гімназіі і інш.)”Такім чынам, калі выпускнікі сельскіх школаў атрымліваюць на іспытах дадатковыя тры балы і не праходзяць па конкурсе, застаецца зрабіць адну зь дзьвюх высноваў: альбо іхны ўзровень нізкі, альбо ўступныя іспыты праходзяць несумленна. Але апошняе адкінем, зважаючы на неаднаразовыя заявы чальцоў Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнымі іспытамі, што усё праходзіла паводле закону. Значыць, пачынаць трэба не з сьледзтва – малой колькасьці студэнтаў зь вёскі, а шукаць прычыну, ці прычыны. Іх можа быць некалькі, да прыкладу, нізкі ўзровень ведаў, атрыманых у вясковай школе: ехаць выкладаць туды настаўнікі ня вельмі хочуць, - слабая матэрыяльна-тэхнічная база, нізкі заробак і г.д.
Другой прычынай можа быць нізкая цікаўнасьць вясковых дзяцей да юрыспрудэнцыі ці міжнародных стасункаў – сілком жа іх на гэтыя факультэты не пацягнеш.
Трэцяя – аб’ектыўна высокі конкурс на прэстыжныя спэцыяльнасьці – інакш яны прэстыжнымі не былі б. На навучаньне па прыгаданай А.Лукашэнкам эканоміцы летась у БДУ быў конкурс 3,7 чалавекі на месца, год таму – больш за 6, на факультэт міжнародных стасункаў – ад 4 да 6 у залежнасьці ад спэцыялізацыі, затое на фізычны – 2 чалавекі на месца. Нізкая цікавасьць да запатрабаваных спэцыяльнасьцяў з боку выхадцаў зь вёскі – толькі сьледзтва.
Калі кіраўніцтва БДУ стане выпраўляць толькі яго – а выпраўляць прычыну трэба на дзяржаўным узроўні – то атрымаецца толькі горш. Каму, як не гараджаніну, які некалькі гадоў свайго маладога веку аддаў на заняткі з рэпэтытарамі, сотні гадзінаў правёў у бібліятэках, будзе крыўдна, калі ён не прайшоў па конкурсе, а замест яго вучыцца міжнародным стасункам – толькі для таго, каб паезьдзіць па іншых краінах – вясковы аднагодак?