Студэнт перамагае свой унівэрсытэт

Амэрыканскі студэнт выйграў судовы працэс, які ініцыявала яго родная alma mater з-за дамэннага імя. Флёрыдзкі ўнівэрсытэт Full Sail, Inc. падаў скаргу на студэнта Райана Сьпевака, спрабуючы зачыніць ўэб-сайт навучэнца ды атрымаць кампэнсацыю за страты, прынесеныя ВНУ злосным рэсурсам. Нагода да разьбіральніцтва -- парушэньне аўтарскіх правоў на гандлёвую марку ў Інтэрнэце. Справа ў тым, што афіцыйная адрэса вышэйпазначанае ВНУ www.fullsail.com, а онлайнавы праект містэра Сьпевака прапісаны ў сеціве на www.fullsailsucks.com.

Юнак запусьціў ўэб-сайт з "неадэкватнай" адрэсай, каб усе абітурыенты, зацікаўленыя дадзенай ВНУ, змаглі атрымаць аб'ектыўную інфармацыю і бэзстароньнія ацэнкі Full Sail, Inc. у ляканічнай форме.

Як усялякі максымаліст, Райан не адмовіўся ад эксцэнтрычных дзеяньняў. Так, на рэсурсе была апублікаваная прапанова наступнага зьместу: "100 даляраў любому, хто сфатаграфуе сябе перад унівэрсытэтам са знакам, на якім можна прачытаць fullsailsucks.com! Здымкі будуць выдадзеныя! Дзейнічайце ды вывешвайце плякаты па будынках унівэру!"

У выніку Сусьветная арганізацыя па абароне інтэлектульнай уласнасьці (WIPO) вырашыла справу на карысьць юнага змагара за справядлівасьць, -- паведамляе ManagingInformation.Com .
"Дзіўна, што ў гэтай краіне адміністрацыя ўнівэрсытэту спрабавала пакараць мяне за адлюстраваньне ўласнага меркаваньня. Такім чынам яны парушаюць маё права на свабоду слова, абароненае Канстытуцыяй ЗША", -- камэнтуе Райан Сьпевак. -- "Зьяўляючыся студэнтам, я хачу, каб маладыя людзі вельмі ўважліва выбіралі сваю будучую вышэйшую школу. Рашэньне WIPO -- гэта важная перамога ў барацьбе за правы ўладальнікаў дамэнных імёнаў і за свабоду слова ў Інтэрнэце. Я вельмі шчасьлівы з той нагоды, што судзьдзі адхілілі заяву супраць мяне ды маёй былой хостынгавай кампаніі". Улады флёрыдзкае ВНУ не пагадзіліся з рашэньнем амэрыканскае Фэміды і зьбіраюцца падаваць апэляцыю.

Зьміцер Казлоўскі
Zmitrok 00:00, 26/02/2004 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1094 seconds.