Цяжкі шлях да грошаў

Зарабіць грошы за мяжою на вакацыях студэнтам будзе значна складаней. Перашкоды на іхным шляху чыняць ня толькі сьціплыя бацькоўскія заробкі і праблемы з атрыманьнем візаў, але й ініцыятывы беларускіх чыноўнікаў. ­

­

На сумесным паседжаньні Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы быў прыняты пратакол, датычны рэалізацыі праграмаў моладзевага абмену. Згодна з пратаколам, фірмы, якія займаюцца адпраўкай студэнтаў за мяжу, мусяць узгадняць сваю дзейнасьць з Мінадукацыі. Таксама супрацоўнікі міністэрстваў для працоўных дамоваў, што заключаюцца між студэнтам і замежнай арганізацыяй, усталявалі жорсткія рамкі па часе -- ня больш за тры месяцы. У выпадку несвоечасовага вяртаньня студэнтаў з-за мяжы беларускія фірмы-пасярэднікі мусяць "прымаць выключныя меры па іх вяртаньню і неадкладна інфармаваць тэрытарыяльны ворган па міграцыі".

ВНУ да 10 кастрычніка неабходна будзе даваць справаздачу перад Мінадукам, ці ўсе студэнты вярнуліся на Беларусь і працягнулі навучаньне.Гэта лясьне па кішэнях як фірмаў, што ладзяць паездкі, так і саміх студэнтаў. Падзарабіць студэнты змогуць хіба што зьлёгку. Бо для таго, каб скампенсаваць выдаткі на атрыманьне візы, страхоўку ды пражываньне ў чужой краіне патрабуецца, як правіла, каля дзьвух месяцаў цяжкай працы, а заробкі дзеля сябе пачынаюцца як раз з трэцяга месяца. Аднак разьлічваць нават на адведзеныя тры месяцы давядзецца далёка ня ўсім."Дэканаты маюць права самастойна вырашаць пытаньні аб датэрміновай здачы сэсіі, пераносе практыкі ды выдачы дазволаў на вяртаньне студэнтаў пасьля пачатку навучальнага году", -- адзначыў у размове з карэспандэнтам "БДГ" дарадца міністра адукацыі па сувязях з СМІ і грамадзкасьцю Віктар Іўчанкаў. Таму каб перастрахавацца некаторыя дэканы ўжо вырашаюць пытаньне пераносу сэсіі і практыкі не на карысьць студэнтаў.

Zmitrok 00:00, 26/02/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1312 seconds.