МІНСК сьвяточны: FASHION 2007

Як і любая іншая сталіца, Мінск мае свой непаўторны стыль. Асабліва заўважным ён становіцца ў сьвяточныя дні, калі ня толькі людзі паказваюць сябе зь лепшых бакоў, але і кожны куток гораду азначаны пячаткай урачыстасьці і радасьці. Сабраць увесь сталічны шык, бляск і прыгажосьць у адзін сьціплы матэрыял амаль немагчыма, але ўсё ж паспрабуем азначыць сямёрку найбольш яскравых і модных тэндэнцыяў лета 2007.

­­

Party non-stop

Цьвік сэзону – праслухоўваньне рынгтонаў. Асабліва актуальна на сьвяты – танцпляцоўкі можна ладзіць літаральна паўсюль – у чарз­е па гарачае шчасьце, па дарозе з шабаноў, у дворыках і сутарэ­ньнях. Мэлёдыі і рытмы самыя розныя, палі- і манафанічныя, у залежнасьці ад матэрыяльнага статусу. З апытанак прадаўцоў музычных крамаў стала вядома, што найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца нязьменны лідэр Зьміцер Білан і маладая зорка-прыгажуня, каралева мужчынскіх сэрцаў Максым. Засталося толькі адаслаць смс-ку і качаць любімыя мэлёдыі!

Be yourself

Гэтым летам модна быць адкрытым і шчырым, не хаваць сваіх жаданьняў і пачуцьцяў. Напрыклад, калі ўсё выпітае з нагоды і без ужо няма магчымасьці хаваць – ня трэба шукаць прыбіральню. І нават кусты ня трэба. Мінск – горад для людзей. Максымальны камфорт забясьпечаны.

Be HOT!!!

Таксама ў модзе прыгажосьць мужчынскага цела. Накачаныя, загарэлыя пад сонцам мінскіх курортаў, торсы ня трэба хаваць! Джынсы ў абліпон, сэксуальная папруга, ідэальны прэс, біцепсы-трыцепсы – вось ён, супэрмэн нашага часу! Пры неспрыяльным надвор’і можна какетліва накінуць мадняцкую кашулю.

Be HEALTHY

Здаровы лад жыцьця – выбар прасунутай моладзі. Асабліва моднай стала ёга. Па колькасьці пабітага шкла на ходніках Мінску можна зрабіць выснову, што большасьць ужо дасягнула высокага ўзроўню і зь лёгкасьцю ходзіць па аскепках, глытае цьвікі, таньчыць на вуглях.

No limits

Клясыка ёсьць клясыка. Яна неўміручая. Без заўсёды стылёвых пантофляў з вострымі насамі немагчыма ўявіць сталічнага модніка. Глямур, кэжуал, кантры... На любы густ! У гэтым сэзоне можна дазволіць сабе адысьці на крок ад умоўнасьцей: барсэтку больш ня трэба абіраць у колер да ботаў.

Look INSIDE

Нязьменны аксэсуар сталічнага дэндзі – высокаякасны поліэтыленавы пакет. Абавязкова фірмовы. Самыя выбітныя брэнды – Nivea, Oriflame, Palmolive. Але ня кожнаму кішэня дазваляе разжыцца такім шчасьцем. У любым выпадку – поліэтылен руліць!

Бяспройгрышны варыянт у сумяшчэньні са спартовымі касьцюмамі, пажадана Adidas. Але зноў такі – як фінансы дазволяць. Галоўнае ж – каб усё ўлезла. Сьвяты ж – самі разумееце.

Put on

Галоўныя дызайнэры краіны, заканадаўцы, так бы мовіць, мод, рэкамэндуюць упрыгожваць сябе стужачкамі дасканала пасуючых колераў – зялёнага і чырвонага.

Выкшталцоныя банцікі дапамогуць дзяўчатам правільна зрабіць акцэнты, а хлопцам – зразумець, на чым гэтыя самыя акцэнты стаяць. Быць беларусам – гэта пачэсна! Ня трэба хаваць сваёй нацыянальнай саматоеснасьці – да вашай увагі цішоткі з гербамі і сьцягамі, неверагодна своечасовыя чырвона-зялёныя кепкі. І што істотна для дзяўчат - яркія колеры выгодна падкрэсьліваюць модныя колеры, якія прыдаюць славянскім косам беларускія фарбы і бальзамы. Выжжаных бляндынак цясьняць загадкавыя асобы з фрызурамі колеру «баклажан»

Baby BOOM

І што прыемна – ня ветраная яна, мінская прасунутая моладзь! Яны думаюць пра будучыню і вераць у цуды. Таму набываюць лятарэйныя квіточкі і разам, узяўшыся за рукі, сочачы па вялікіх экранах сталіцы, выкрэсьліваюць запаветныя нумаркі. Кватэры, машыны і проста вялікія грошы – гэта падмурак дабрабыту маладой сям’і. А колькі маладых пар гуляе па чыстых і шырокіх праспэктах, вядучы за ручкі маленькіх моднікаў! Правільна, густ трэба прышчапляць зь дзяцінства.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.