Вэб-камэры будуць сачыць за студэнтамі

Студэнтаў дыстанцыйнай формы навучаньня будуць кантраляваць з дапамогай смарт-камэры. Дзякуючы новай вэб-тэхналёгіі магчыма ня толькі праверыць адпячаткі пальцаў, але і зафіксаваць усе выхады  «ў прыбіральню» ды «званкі сябру». Восеньню навінка зьявіцца ў Тройскім дзяржаўным унівэрсытэце (ЗША).

Папулярнасьць дыстанцыйнага навучаньня расьце з кожным годам. Даступнасьць інтэрнэту дае мажлівасьць атрымаць пажаданую спэцыяльнасьць амаль зь любога кутка сьвету. Ня трэба штодня прачынацца на золку, таўкчыся па аўтобусах – ляжыш сабе дзе-небудзь на пясочку Кактыбэлю (або Гоа) з ноўтбукам і лёгкім узмахам загарэлай рукі абіраеш варыянт адказу на он-лайн пытаньні….

Цалкам жа, дыстанцыйнае навучаньне – гэта узаемадзеяньне настаўніка і вучня паміж сабой на адлегласьці, якое адлюстроўвае ўсе неабходныя для навучальнага працэсу кампанэнты (мэты, зьмест, мэтады, арганізацыйныя формы і сродкі навучаньня) і ажыцьцяўляецца спэцыфічнымі сродкамі інтэрнэт-тэхналёгій ці іншымі сродкамі, якія прадугледжваюць інтэрактыўнасьць.

Хаця, насамрэч, гэткая сыстэма навучаньня заўсёды зьдзіўляла. Гэта ж можна лайдачыць на ўсе сто – даручыў сяброўцы а-ля Каця Пушкарова рашаць задачкі, і гуляй сабе.

Тое цудоўна разумеюць і ў навучальных установах. Распрацоўваюцца розныя сродкі кантролю за тым, каб студэнт ня сьпісваў або не падглядаў на іншых сайтах або пашукавіках – сыстэма проста блякуе ўсе астатнія сайты падчас выкананьня заданьня. Але такія захады не дасканалыя. Заўсёды можна папрасіць каго-небудзь іншага выканаць тэст.

Гэткія нумары больш ня пройдуць – восеньню ў Тройскім дзяржаўным унівэрсытэце (Алабама, ЗША) у дачыненьні да 11 тысячаў студэнтаў будзе выкарыстоўвацца новая тэхналёгія назіраньня з дапамогай вэб-камэры. Дарэчы, траціна студэнтаў – амэрыканскія вайскоўцы, раскіданыя па сьвеце.

Як і іншыя сродкі кантролю, новая сыстэма прадугледжвае блякіроўку астатніх сайтаў на час выкананьня заданьня, а таксама ідэнтыфікацыю адпячаткаў пальцаў. Але разынка апошняй распрацоўкі кампаніі Software Secure– вэб- камэра ды мікрафон. Падавалася б – ну і што? А тое, што з дапамогай гэтых звыклых прылад ня проста запісваецца відэа ды гук, але і пазначаюцца адмысловым чынам моманты, калі студэнт патэлефанаваў або выйшаў з пакою. Таму выкладчыку ня трэба сядзець перад вэб-камэрай увесь час. Дастаткова проста прагледзіць, ці былі адзначаны парушэньні.

Кошт новай прылады – 125 даляраў (а калі памножыць на 11 000 – першую замову з боку Тройскага унівэрсытэту…). Прагназуецца, што гэткая камэра выклікае цікавасьць ня толькі ва ўстановах адукацыі, але і разнастайных кампаніях, якія вядуць сваю дзейнасьць праз інтэрнэт.

У той жа час, гэта пакуль ня самы дасканалы сродак кантролю. Па-першае, пры жаданьні ўсё роўна можна змахляваць, а па-другое, ня кожны студэнт пагодзіцца сядзець перад камэрай. Дэкан аднаго з амэрыканскіх унівэрсытэтаў лічыць, што такія меры парушаюць прыватныя межы. Але большасьць студэнтаў усё ж такі згодная здаваць тэсты перад камэрай, а не ехаць ня тое што за дзесяткі – за сотні кілямэтраў.

Сёньня беларусы могуць атрымаць дыстанцыйную адукацыю як у межах краіны, так і ў іншых дзяржавах, і покуль адпячаткі пальцаў ніхто не правярае ды й камэра ня сочыць сваім пільным вокам.

SlaDa 17:25, 21/06/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0847 seconds.