Выбіраем прафэсіі: электронная камэрцыя/E-commerce

Вось яно – жыцьцё… Абітурыенты парацца над тэстамі ды ўступнымі іспытамі.  Студэнты сварацца на неэфэктыўнасьць беладукацыі. А маладыя спэцыялісты   перакваліфікоўваюцца і прыстасоўваюцца да рэальных патрэбаў рынку працы.

А усё таму, што нязвыклыя мы, беларусы, глядзець трошкі далей за свой нос. Мала хто задумваецца напачатку, што за прафэсію атрымлівае? Кім будзеш, калі скончыш у свой ВНУ? Ці будзе гэта прафэсія актуальнай? Як хутка зможаш адбіць укладзеныя ў навучаньне бабкі? Цікава табе гэта настолькі, каб змарнаваць столькі часу?

Ствараючы даведнік ТОП 44, мы паспрабавалі разабрацца, якія прафэсіі будуць самымі актуальнымі праз 5-10 год. Аказалася, што шмат з іх многім нават мала вядомы.

На generation.by будуць разьмяшчацца ўрыўкі з даведніка ТОП-44 ў “лайт”-версіі (толькі артыкулы, без даведкавай інфы і спасылак). А самую што ні на ёсьць поўную вэрсію чытай ў самім даведніку “ТОР-44: Прафесіі будучыні”.

NET - КАПІТАЛІЗМУ

E-E-E, халі-галі!!!

Спэцыяльнасьць: электронная камэрцыя / E-commerce

Калі гадавы даход amazon.com у 1998 годзе склаў больш за мільярд долараў, а інтэрнэт-кампанія AOL зарабіла 1,2 мільярды долараў за 10 тыдняў, закончанаму скептыку стала зразумела: распачынаецца стагодзьдзе электроннай камэрцыі.

І-БАЙ З НАМІ!

Сёньня кампанія eBay прыносіць больш за 3,3 мільярды долараў гадавога прыбытку, мае каля 135 мільёнаў юзэраў па ўсім сьвеце і ёй прысьвячаюць кампазыцыі (слухай Chumbawamba). А пачалася яго гісторыя з таго, што амэрыканец П’ер Амідз’яр (Pierre Omidyar) у 1995 годзе вырашыў арганізаваць garage sale (распродаж рэчаў, пры якім тавар гаспадары выстаўляюць ля хаты) праз інтэрнэт. Хутка стала відавочна, што на інтэрнэт-кірмашы можна зарабіць някепскае бабло.

Праца інтэрнэт-кірмашу нескладаная: кожны юзэр мае свой рахунак на сайце, а тавары аб’яднаныя па катэгорыях. Калі жадаеце штосьці набыць, проста прапаноўваеце кошт. Калі нешта прадаеце, выстаўляеце свой тавар на сайце, як на аўкцыёне.

З самага пачатку eBay арыентаваўся на кліента. Фічу прасеклі адразу: для таго каб людзі шмат куплялі праз нэт, трэба, каб яны не гублялі даверу да крыніцы. Таму арганізатары імкнуліся стварыць ня проста “купляй-прадавай” асяроддзе, а сапраўднае кам’юніці.

Тое, што хлопцы ўмела працуюць з кліентамі, даказвае наступная гісторыя. У 1999 годзе eBay.com адрубіўся на 24 гадзіны. Бэмс – і ўсё, хоць ты трупам кладзіся. Але хлопцы не разгубіліся і ўсе супрацоўнікі кампаніі (а іх на той час было 400) пэрсанальна абзванілі кліентаў і прасілі прабачэньня за нязручнасьці. Кліенты, натуральна, аж млелі.

Менавіта дзеля даверу на eBay.com была створана рэйтынгавая сыстэма пакупнікоў і прадаўцоў. Напрыклад, рэйтынг нейкага Сміта складае 97%. Гэта азначае, што 97 са 100 ягоных зьдзелак атрымалі выдатныя водгукі. А 3 чалавекі ацанілі яго нэўтральна ці нэгатыўна. Карацей, някепска. Але калі вы хочаце штосьці набыць у містэра Сміта, праверце, чым жа аказаліся незадаволены тыя няшчасныя 3%.

Сёньня на eBay можна знайсьці бадай што ўсё. Аднойчы хтосьці вырашыў прадаць праз eBay нырку за 5 мільёнаў долараў. Адміны ў час схамянуліся і зьнялі незвычайны тавар.

А нейкі дзівак з Сіэтла аднойчы выставіў на продаж сваю душу за 400 долараў. Але і тут адміны праявілі апэратыўнасьць і не дазволілі дурню пазбавіцца душы. Такім чынам, узьнік сьпіс забароненых для продажу тавараў, які пэрыядычна павялічваецца.

ЧЭКАВЫЯ КНІЖКІ

Міністэрства гандлю ЗША падлічыла, што 1,6 трыльёнаў долараў прыбытку ў 2003 годзе прынесла электронная камэрцыя. На сьнежань 1997 года колькасьць людзей, якія набывалі рэчы праз нэт, складала 18 мільёнаў чалавек, у 2002 годзе яна вырасла да 128 мільёнаў.

Зараз больш за 400 000 амэрыканцаў працуюць і атрымліваюць свой заробак на eBay. І гэта не адзіны электронны бізнэс, які карыстаецца попытам у насельніцтва.

Джэф Бэзас (Jeff Bezos), які ўжо колькі год займае вядучыя радкі Times у спісе самых багатых людзей сьвету, аднойчы падлічыў, што інтэрнэт-бізнэс расьце на 2,3% штогод. Ясна, такая лічба падштурхне каго заўгодна да подзьвігаў.

Кемлівы амэрыканец склаў сьпіс з 20 тавараў, якія, на яго думку, маглі стаць самымі хадавымі ў нэце, і спыніў свой выбар на кнігах. Так узьнікла буйнейшая віртуальная кнігарня amazon.com. На сёньняшні дзень крама прапаноўвае 2,5 мільёнаў экзэмпляраў кніг, дыскаў і да т.п., а купляе ўсю гэтую радасьць больш за 1,5 мільёны чалавек са 160 краін сьвету.

Свой посьпех містэр Бэзас тлумачыць проста:

«Я быў кампутарным геніем. Да таго ж, мне пашчасьціла вучыцца ў лепшым унівэрсытэце ў сьвеце».

Падчас вучобы юнак увесь час займаўся праектамі і дасьледаваньнямі. Адразу пасьля заканчэньня ўнівэра Бэзаса забралі працаваць на Уол Стрыт.

«Уол Стрыт – гэта, вядома ж, крута, але я марыў пра ўласную кампанію».

Сёньня яго онлайн-кнігарня прыносіць прыбытку 6 мільярдаў долараў і прадае каля 20 мільёнаў тавараў.

Колькі заробяць Амідз’яр ці Бэзас у будучыні, можна толькі ўяўляць. Але калі ўлічыць, што ў 2005 годзе амэрыканцы і эўрапейцы патрацілі 500 мільярдаў долараў на інтэрнэт-абсталяваньне, выснова аб прыбытках нэт-кампаній напрошваецца сама сабой: дафіга! Зрэшты, сучасным інтэрнэт-гандлярам пашчасьціла нашмат больш, чым Амідз’яру ці Бэзасу. Таму, да чаго тыя даходзілі сваім розумам, цяпер вучаць ва ўнівэрах. Ствараць онлайн-кампаніі і кіраваць імі – адна з самых папулярных спэцыяльнасьцяў.

Дзе і як атрымаць спэц-адукацыю па электроннай камэрцыі, а таксама самыя важныя спасылкі шукай у даведніку «ТОП 44. Прафессіі будучыні».

Прапануем з сьпісу спэцыяльнасьцяў ніжэй абраць, якія вам найбольш цікавыя. Пра іх і будуць наступныя артыкулы пад назовам «Выбіраем прафэсіі» на старонках generation.by. 

  • Інавацыйны мэнэджмэнт
  • Грамадзкае кіраваньне
  • Інтэрмедыя мастацтвы (Intermedia Arts)
  • Мэнэджмэнт паркаў і адпачынку
  • Прамоўшн моды
  • Саўнд-дызайн

Рабіце замовы ў камэнтарах!

jenny 10:00, 21/06/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.