Кастрычніцкую і Купалаўскую станцыі мэтро зачыняць аж да лістапада

Зь ліпеня па лістапад будзе адбывацца рэканструкцыя экскалятараў на падземным перасадачным вузьле. Замест трох існуючых экскалятараў увосень адчыняцца чатыры новых, каб спраўляцца з наплывам пасажыраў у гадзіны пік.

Як паведамляе СТВ, гэта будзе першая рэканструкцыя экскалятараў больш чым за 20 год. А неабходнасьць узьнікла яшчэ ў 2000 годзе, калі стала зразумела, што ў гадзіну пік такая колькасьць людзей на трох стужках проста небясьпечна. Тэхнічная рэалізацыя рэканструкцыі заключаецца ў тым, каб звузіць прастору паміж існуючымі экскалятарамі і ўсунуць у праём яшчэ адзін.

Як жа ж патрапіць з адной лініі мэтро на другую ў бліжэйшыя 5 месяцаў - не паведамляецца. Цягнікі проста ня будуць спыняцца на Кастрычніцкай і Купалаўскай.

UPD 14:00.

Начальнік упраўленьня арганізацыі перавозак РУП «Мінсктрансу» Сяргей Ясінскі паведаміў карэспандэнту «Нашай нівы», што закрыцьцё дзьвюх станцый мэтро не паўплывае на дзейнасьць наземнага грамадзкага транспарту:

«У менскім мэтро існуе дастаткова дадатковых выхадаў, таму закрыцьцё гэтых двух станцый не выклікае неабходнасьці стварэньня часовых дадатковых наземных маршрутаў.»

UPD 14:40.

У той жа час намеснік начальніка Дырэкцыі па будаўніцтве Менскага метрапалітэна Анатоль Гец паведаміў Еўрарадыё, што рашэньне аб закрыцьці Кастрычніцкай яшчэ канчаткова не зацьверджана і пакуль разглядаецца як варыянт. Гец сьцьвярджае, што Купалаўская застанецца працаваць, а вось з Кастрычніцкай - вырашаецца. Ён прапануе пасажырам, якія хочуць зладзіць перасадку ў мэтро, выйсьці і скарыстацца наземным транспартам:

«У любым выпадку, якое б рашэньне ні было прынятае, далей пойдзе ўзгадненьне са «Сталічным транспартам». Менавіта яны будуць вырашаць, як забяспечваць перавоз пасажыраў. Можа, увядуць дадатковыя маршруты».

Прынамсі адну выснову з гэтых розных камэнтароў ужо можна зрабіць: кіраўніцтвы наземнага і падземнага грамадзкага транспарту не абмяркоўвалі разам праблему, што рабіць з пасажырамі ў час рэканструкцыі мэтро.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.