Рэформа адукацыі пачалася – праз пятнаццаць год

Рэформа чэскае адукацыі можа пачацца, бо пераадолена апошняя перашкода. Віцэпрэм’ер Пэтр Марэш ды міністрыня адукацыі Пэтра Бузкава знайшлі кампраміс, які даў магчымасьць ураду пачаць абмеркаваньне закону аб адукацыі. Гэты закон мусіць садзейнічаць зьменам, якія наблізілі б чэскую адукацыю сваёй якасьцю й мэтадамі навучаньня да разьвітых заходніх дзяржаваў. Дасюль здавалася, што школьнае пытаньне вісіць па-за магчымасьцямі адкрытае грамадскае дыскусіі. Размоваў было шмат, журналісты маглі зрабіць і пару гучных загалоўкаў на першыя старонкі газэт, але сама тэма ніяк не йшла – дэбаты зацыкліваліся на нейстотных дэталях.

Левыя ды правыя палітыкі толькі выкладалі свае пачуцьці, але наперад адзінства мелі толькі ў адным – нязгодзе з другім бокам з прынцыпаў. А рэформу адукацыі немагчыма пачаць без падтрымкі з абодвух бакоў палітычнага спэктру.

Сёньня з’явіўся добры шанец ажыцьцявіць рэформу: ва ўрадзе зараз прадстаўлены найвялікшыя эксперты ў адукацыі, якія толькі ёсьць у палітычных партый. Левіцовую пазіцыю адстойвае міністрыня Пэтра Бузкава, якую падтрымлівае яе намесьнік Яраслаў Мюлнэр, былы прафсаюзны дзяяч і галоўны аўтар праекту закона. Правіцовым крытыкам з’яўляецца віцэпрэм’ер Пэтр Марэш, які быў у мінулым парляманту старшынём камісіі па адукацыі.

Марэш вельмі заклапочаны тым, ці не дае закон занадта вялікія паўнамоцтвы дзяржаве. Ён таксама ўвесь час нагадвае, што сістэму адукацыі трэба адкрыць, каб яна магла рэагаваць на попыт грамадзянаў і на разьвіцьцё рынку працы. Нядаўняя спрэчка дзьвух чальцоў ураду Уладзіміра Шпідлы над праектам закону аб адукацыі была для грамадскасьці хутчэй незразумелай – спрачаліся пра тое, каб некаторыя параграфы не перашкаджалі адукацыйным ініцыятывам асобаў, школ ці краёў. Марэшу таксама ўдалося абмежаваць некаторыя паўнамоцтвы міністэрства. Большы вызнам усяляк мае той факт, што кампраміс нарэшце быў дасягнуты. Марэш дапусьціў, што закон усё ж сносны, Бузкава ж адзначыла, што крытыка Марэша была закону на карысьць.

Гэта добра й нічога дзіўнага ў тым няма. Левыя й правыя маюць сваю рэторыку, але калі йдзе пра падтрымку адукацыі ў грамадстве, то йіх пазіцыі могуць удала сыходзіцца – да гэтага звычайна даходзіць ва ўсіх краінах Заходняе Эўропы ды ў Амэрыцы.

І ў самых канкрэтных рэчах сышліся погляды Марэша й Бузкавай. Абодва пагадзіліся, што асаблівую важнасьць мае праект рамкавых адукацыйных праграмаў – адзіную праграму будуць мець пачатковыя школы, але розныя кожны кшталт сярэдніх школ. Праграмы павінны вызначыць асноўныя веды, якія мусіць засвоіць кожны вучань ці студэнт. Гэта дазволіць зрушыць старыя правілы, якія да дэталяў прадпісвалі які матэр’ял павінен у кожнай школе вывучацца. Якім чынам выканаць рамкавыя патрабаваньні дзяржавы – гэта ўжо будзе вырашаць кожная школа сама – з улікам узроўню сваіх вучняў, мясцовых культурных і эканамічных асаблівасьцяў.

Іншымі словамі: нарэшце знайшлася палітычная воля, якая прасунула грунтоўную замену камуністычных асноў на навучальныя праграмы, што даюць прастор да адкрытай дыскусіі ды паляпшэньняў у кожнай школе й кожным класе.
Гэта мусіць стацца вялікай сатысфакцыяй для Йіржы Котаска, педагога, чыя шматгадовая праца стаіць за гэтымі праграмамі. Ён мусіў адыйсьці з акадэмічнае сфэры па акупацыі 1968 году, па лістападу 1989 году зноў безкампрамісна пачаў прасоўваць найнавейшыя дасягненьні педагагічнае навукі. Спрабаваў ён тое за часоў ураду Вацлава Клаўса – тады зьмены адкінуў хрысьціянскі міністар Пэтр Піцьга. Спрабаваў і ў часы сацыялдэмакратычнага міністра адукацыі Эдуарда Зэмана – гэты ўжо адмаўляў лібэральныя ідэі ды падпарадкоўваўся лобі працаўнікоў школ. Толькі сёньня ідэі Котаска пачалі ажыцьцяўляцца. Калі ўсё атрымаецца, то будзе гэта на карысьць цэлай краіны.

Зразумела, што зараз яшчэ перамога не дасягнута. Зараз толькі пачынаецца ўласна рэфарматарская праца. Рамкавыя праграмы й новыя школьныя навучальныя пляны толькі пачынаюць уводзіцца а гэта не пойдзе лёгка. Вырашальным будзе тое, ці змогуць да падрыхтоўкі актыўна далучыцца няўрадавыя арганізацыі.

Такім чынам адкрываецца асноўнае пытаньне: якім спосабам дзяржава будзе кантраляваць якасьць навучаньня. Міністэрства зараз рыхтуе сістэму ацэнкі адпаведную патрабаваньням рамкавых праграм. Што ў ёй будзе – тое зноў жа грунтоўна паўплывае на ўсю рэформу. Да сёньняшняга дня на міністэрстве падтрымліваюць пазіцыю, якую ўхваляюць і ліберальныя эксперты: дзяржава мусіць ацэньваць толькі пасьпяховасць вучняў у авалодваньні мінімума патрабаванага рамкавай праграмай.

Рэформа пачалася, цяпер размова йдзе пра тое, каб выкарыстаць гэты шанец.

Пэтр Голуб, Чэскае радыё 6
Падрыхтаваў Інфасэрвіс Беларускага цэнтру ў Празе-Чэскай.
@ptymist 00:00, 20/02/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2184 seconds.