Шукаеш патэльню вікінга? «Палятыда» у дапамогу!
Бо ўдзельнікі валянтэрскага археалягічнага летніку «Камунікацыя палятыды» ужо знайшлі. І, як высьветлілася пад час размовы зь яго арганізатарам і галоўным рухавіком-археолягам Маратам Клімавым, ня толькі патэльню.
Сьціплы пакой Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Тут і працуе Марат Клімаў. На загрувашчаных сталах гліняныя аскепкі, прыцьмелыя шэрыя каменьчыкі, мапы археалягічных раскопаў ды… кампутар – жывое спалучэньне даўніны і сучаснасьці. А над ўсім гэтым – задуменны твар Марата.
- Марат, вы ўзначальваеце ПАЛ. Што ж такое гэты самы Полацкі археалягічны легіён?
- ПАЛ – гэта нефармальнае аб’яднаньне свабодных валянтэраў, якія жадаюць далучацца да сумеснага правядзеньня розных культурных мерапрыемстваў, у прыватнасьці, археалягічных раскопак. Мы ня маем ніякіх «глябальных» мэтаў: напрыклад, выратаваць сьвет ці дасьледаваць старажытную Беларусь.
- А што за людзі ў ПАЛе?
- У 1996 годзе я спрабаваў працаваць са школьнікамі, зь цяжкімі падлеткамі. Езьдзіў зь імі на археалягічныя раскопкі. Але было вельмі складана, бо іх узрост не дазваляў растлумачыць ім, што нейкі вынік можна дасягнуць толькі шляхам працяглай манатоннай працы. Усе чакалі яркіх вынікаў кожныя паўгадзіны.
У 1997 годзе я супрацоўнічаў з Лігай добраахвотнай працы, у 1998 годзе з так званай «Новай групай», якая займаецца замежнымі валянтэрамі. Але я ўпэўніўся, што ў гэтых арганізацыях ёсьць пэўныя хібы ў разуменьні панятку «археалягічная дзейнасьць». Я ўбачыў, што людзі з гэтай арганізацыі ня мелі ніякага ўяўленьня пра працу ў археалягічным летніку. Але ёсьць людзі, якія хацелі, але ў іх не атрымалася стаць археолягамі па розных абставінах. На падсьвядомым узроўні ў іх заўжды існавала жаданьне паспрабаваць сябе ў гэтай прафэсіі.
- То бок, ваша мэтавая група такія «даархеолягі»?
Можна і так сказаць. Мы не арыентуемся на студэнтаў гістфака, бо яны «наеліся» сваёй археалягічнай практыкі, а любая практыка – гэта прымус. Падчас такой практыкі зусім іншая атмасфэра ў калектыве, вельмі шмат забарон.
Але я лічу, што зацісканьне «гаек» ніколі не прыводзіць да дабра. Увогуле, павінна фарміравацца адказнасьць за саміх сябе. І ў маіх экспэдыцыях гэта дасягаецца без прымусу. Чалавек зьяўляецца носьбітам сваёй уласнай бясьпекі.
Такім чынам, да нас трапляюць людзі двух сацыяльных групаў: студэнты першага-другога курсаў, у якіх ідзе працэс пазнаньня сьвету, і старэйшыя людзі, якія ўжо скончылі ВНУ. У той жа час да нас ідуць і яшчэ больш сталыя людзі: у гэтым годзе да нас запісаўся інжынэр, якому 36 год.
- А які распарадак дня ў вашых экпэдыцыйных лягерах?
- Асноўнае адрозьненьне нашых экспэдыцыяй ад абсалютнай большасьці іншых валянтэрскіх, якія будуюцца на археалягічнай працы, складаецца ў тым, што працуем мы, за выняткам рэдкіх выключэньняў, толькі ў першую палову дня. Такім чынам, толькі чатыры гадзіны працы ў дзень. Пасьля людзі займаюцца сваімі справамі, адпачынкам і стасункамі між сабой.
Таксама мы праводзім у лягерах розныя сьвяты. Напрыклад, Купальле, ці Сьвята гаспадыні лета.
Кожны ўдзельнік памятае знакамітыя паляваньні на маманта з абавязковым нанясеньнем баявой размалёўкі і ўдзелам паляўнічых. Ці інсцэніроўку «Бураціна» у трансвэсьціцкім варыянце, дзе мужчынскія ролі выконвалі жанчыны і наадварот. Такім чынам атрымалася, што наш «Бураціна» мела жаночы пол, а кот Базыліа ператварыўся ў Базылію…
Людзі экспэрымэнтуюць са сваімі падсьвядомаснымі рэакцыяімі, таму ў нас заўсёды вельмі моцны эмацыйны фон. У чалавека зьяўляецца магчымасьць паглядзець на сябе вачыма іншых людзей.
Ёсьць і сюрпрыз для новых удзельнікаў, які завецца «пасьвячэньне». Але гэты рытуал мы не раскрываем. Пасьля сканчэньня нашых экспэдыцый людзі не губляюцца і падтрымліваюць паміж сабой кантакт, што вельмі важна асабліва для тых удзельнікаў, што ўжо скончылі ВНУ.
- Раскажыце, калі ласка, аб «Палятыдзе».
«Палятыда» зьяўляецца гістарычнай міфалагемай. Так мы называем асобную цывілізацыю, якая існавала на землях Полаччыны і для нас зьнікла. Ад гэтай цывілізацыі засталіся матэрыяльныя рэшткі і дакумэнты. Мы якраз і вывучаем асаблівасьці матэрыяльнай культуры, сацыяльных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных структур гэтых земляў. Таму было вырашана назваць нашы экспэдыцыі «Палятыдай».
Мы дасьледуем паселішчы Х-ХVІ ст., іх структуру, якая шмат у чым захавалася да нашых часоў. У мінулым годзе мы дасьледвалі паселішча ля возера Лісна, што ў Верхнядзьвінскага раёну, дзе намі былі знойдзеныя сьляды вікінгаў. Тут у X-XII cт. жылі вікінгі, якія хутчэй за ўсе былі на службе ў полацкага князя. Адной з самых цікавых знаходак той экспэдыцыі сталі прасьліца і патэльня.
- А сёлета яшчэ рэальна патрапіць з вамі на пошукі?
- У гэтым годзе мы плянуем дзьве экспэдыцыі: у Верхнядзьвінскі раён (вёска Лісна) у пачатку ліпеня і ў Міёрскі раён (паселішча Сакалова) у канцы ліпеня. Дадатковую інфармацыю можна знайсьці на сайце. Таксама зьвязацца са мной можна праз тэлефон +375297762675.
Агульны сход у сярэдзіне чэрвеня.
Галасы валянтэраў:
Ліна, выпускніца Глебаўскай вучэльні: «Найбольш на летніку мяне ўразілі творчыя рэчы. Будаўніцтва лазьні, маляваньне этагамі (японскія самаробныя паштоўкі), Дзень мадэрнізму ды выпяканьне бліноў на рыдлёўках.»
Эма, другі курс Педагічнага ўніверсітэта: «Прыкольна пасвячэньне ў «дэкі», цікава Купальле: вялікае вогнішча, карагоды.»
Кася, другі курс, БДУ: «Памятаю паляваньне на маманта. Перад ім мы рафарбоўвывалі твары, і хлопчык Вадзім, гледзячы ў люстэрка, пісаў сваё імя «Вадзім», а атрымалася ў яго «міздаВ». Клёва заўжды басанож і падпітвацца энэргіяй зямлі!»