Царскі падарунак выклікаў авацыі сярод бізнэсмэнаў сьвету
Падчас Сусьветнага эканамічнага форуму, які адбыўся 18 траўня ў Іарданіі, ўзарвалася заля. Але ў гэты раз гэта быў ня бомбавы выбух, а выбух аплядысмэнтаў у адказ на агучанае рашэньне ачольніка эмірату Дубай, датычнае адукацыі і 10 мільярдаў даляраў.
Такая рэакцыя стала вынікам рашэньня Шэйха Махамеда бін Рашыд аль-Мактума (Sheikh Mohammed bin Rashid al-Maktoum) аддаць 10 млрд даляраў на стварэньне фундацыі ў падтрымку адукацыі на Бліжнім Усходзе.
Мэтай такога вялікага ўкладаньня зьяўляецца павышэньне стандарту адукацыі й навуковых дасьледваньняў, а таксама спрыяньне стварэньню працоўных месцаў. Сумма ў 10 млрд даляраў зьяўляецца адным з найвялікшых у сьвеце ахвяраваньняў на дабрачынныя мэты.
Шэйх Махамед, вядомы як пасьпяховы ўладальнік пародзістых канёў, а таксама як ачольнік Дубаю, сказаў, што ягоная ініцыятыва накіраваная на жаданьне стварыць на Бліжнім Усходзе тое, што называюць “грамадзтвам, заснаваным на ведах” (knowledge-based society).
На дадзены момант 40% арабскіх жанчынаў ня ўмеюць ні чытаць, ні пісаць. Ва ўсім арабскім сьвеце выдаецца кнігаў меней, чым у адной Турцыі. Акрамя таго, з-за нізкага ўзроўню адукацыі існуе высокі ўзровень беспрацоўя. На вырашэньне гэтых праблемаў і будзе накіравана дзейнасьць новай фундацыі.
Дзеля параўнаньня значнасьці ахвяраваньня прывяду выдаткі на адукацыю ў Беларусі. У бюджэце РБ на 2007 год на артыкул вадаткаў на адукацыю адведзена 1 157 326 639,0 тыс. рублёў. Калі перавесьці ў даляры па курсе НацБанку на 19 траўня (2145 руб.) атрымаецца прыкладна 0,54 млрд даляраў. Пры гэтым парлямэнт Беларусі абяцае выдаткі на адукацыю і іншыя сацыяльныя сфэры паступова павышаць з тым, каб да 2010 года дасягнуць узроўню Br 40,3 трлн. (прыкладна 18 млрд даляраў). Як гэтыя лічбы так хутка вырастуць - тэма для іншага артыкула, тут яны прыведзеныя, каб адлюстраваць значнасьць ахвяраваньняў шэйха ў 10 мільярдаў даляраў на адукацыю на Бліжнім Усходзе.
З улікам таго, што гэта грошы з прыватнай кішэні шэйху і грошы значныя, не зьдзіўляе, чаму такая навіна выклікала авацыі сярод 700 палітыкаў і бізнэсмэнаў падчас форуму ў мінулую пятніцу.