Гаджэты для аматараў чысьціні
Пасьціраць флэшку, замачыць мышку ды пачысьціць фоцік? Пральным парашком ды мылам? Лёгка! Зьявіліся гаджэты, якія можна сьмела кідаць у пральную машыну.
Спэцыялісты папярэджваюць, што на клявіятуры, мышцы, фотаздымачу – карацей, усіх тых тэхнічных прыладах, якія штодзень трапляюць у нашы і не толькі не заўсёды чыстыя ручкі – злосных бактэрыяў жыве болей, чым на сядзеньні ўнітаза! Можна, канешне, не думаць пра гэта, або асьцярожненька чысьціць клаву ватнай палачкай, пімпачку за пімпачкай...
Але прагрэс не стаіць на месцы. Для тых, хто ня можа пазбавіцца звычкі есьці за кампом, тлустымі пальчыкамі націскаючы на мышку, або падчас вясёлых сьвятаў топіць свой мабільны, вынаходлівыя распрацоўшчыкі прапануюць тэхнічныя прылады, якія не баяцца вады.
Напрыклад, усяго за 35 даляраў можна набыць элегантную гумавую клявіятуру і забыцца на пыл і бруд, можна ліць на яе літры колы і кавы – вытрывае. Асабліва ўражвае, што такую клявіятуру можна лёгка скруціць і браць з сабой у паход. Засталося толькі зрабіць манітор такі ж самы, гумавы, а то што за карысьць у лесе ад адной клявіятуры?
Затое і ў лясах, і ў гарах і нават у пустэчах вельмі карысным будзе адмысловы заплечнік, які ня толькі можна мыць, але і выкарыстоўваць для падтрыманьня жыцьця ў мабільным тэлефоне або плэеры ў далечыні ад цывілізацыі - Voltaic's Daypack уціснуў у свой заплечнік батарэю і прадае гэты цуд за 239 даляры.
Сярод іншых радасьцяў жыцьця аматарам чысьціні прапануюцца тэлефон, фотаздымач, электрагалілка ды іншае. Будзем чакаць такія хітрыя рэчы на нашых рынкавых абсягах.