Разумны – яшчэ ня значыць «багаты»
Па назіраньнях за сваімі былымі аднаклясьнікамі, знаёмымі ды суседзямі можна знайсьці пацьверджаньне гэтага загалоўку. А ў ЗША тэму адпаведнасьці высокага каэфіцыенту інтэлектуальнасьці (IQ) і фінансавых прыбыткаў дасьледвалі па ўсіх навуковых прынцыпах.
Навукоўцы з Цэнтра дасьледваньня чалавечых рэсурсаў Унівэрсытэта Агайо (Ohio State University 's Center for Human Resource Research) неаднаразова апытвалі 7 403 амэрыканцаў, пачынаючы з 1979 года. На сёньня рэспандэнтам ужо ў сярэднім 45 год. У апытаньні адсочваліся інтэлект па тэсту IQ, узровень прыбыткаў і фінансавых цяжкасьцяў.
Вынікі дасьледваньня пацьвярджаюць думку, што, як правіла, людзі з больш высокім узроўнем IQ, маюць і большыя прыбыткі. Навукоўцы кажуць, што дадаваньне кожнага пункта IQ значыць у сярэднім рост гадавога прыбытку ад 202 да 616 даляраў.
Але з фінансавымі цяжкасьцямі сутыкаюцца ўсе. Нуль ці мінус на крэдытцы ў той ці іншай ступені знаёмы ўсім рэспандэнтам, незалежна ад узроўню IQ.
Аўтар дасьледаваньня Джэй Загорскі (Jay Zagorsky) адзначае:
«Паглядзіце на аўтастаянку ля ўнівэрсытэта, і вы ўбачыце, што інтэлект і багацьце не абавязкова ўзаемазьвязаныя. Прафэсары, як правіла, зьяўляюцца вельмі разумнымі людзьмі, але вы ня ўбачыце тут ні Ролс-Ройс, ні Паршэ».
Атрыманыя вынікі дасьледваньня неадназначныя, але паказваюць, што інтэлект – гэта не гарант фінансавага посьпеху.